Адмова ў правядзенні мерапрыемстваў да Дня Волі ў Гародні



Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў гарадской арганізацыі партыі БНФ у магчымасці зладзіць масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя 97-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

saranchukou7

Адмову на правядзенне пікета ў Каложскім парку, месцы, дазволеным для падобных акцый,  улады нічым не патлумачылі, што па словах старшыні Гарадзенскай гарадской суполкі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова,  не з’яўляецца нечаканасьцю:

– Стандартная пазіцыя сённяшняй адміністрацыі як у нашым горадзе, так і па ўсёй краіне. Любая праява актыўнасці, непадкантрольнай мясцовым ці рэспубліканскім уладам, лічыцца нечым нелаяльным і душыцца ад пачатку, пачынаючы ад культурніцкіх імпрэзаў, заканчваючы палітычнымі акцыямі.

Ужо на працягу доўгіх гадоў афіцыйны дазвол на правядзенне масавых акцый, прысвечаных Дню Волі, грамадскія актывісты і прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый атрымліваюць выключна ў Менску. Што датычыць іншых мясцовасцей, то забарона на арганізацыю пікетаў і мітынгаў застаецца актуальнай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня