Адмяніць часовае павышэнне візавага збору немагчыма



Адмяніць часовае павышэнне візавага збору з 60 да 80 еўра для беларускіх грамадзян немагчыма, гаворыцца ў распаўсюджанай 23 студзеня заяве прадстаўніцтва ЕЗ.

„Праз дзесяць дзён, 2 лютага 2020 года, увойдзе ў сілу перагледжаны Візавы кодэкс ЕЗ, які акрамя іншых змен прадугледжвае павелічэнне візавага збору для грамадзян усіх краін. Для Беларусі такое павелічэнне будзе часовым, толькі да ўваходжання ў сілу Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю, у адпаведнасці з якім візавы збор аўтаматычна і назаўжды знізіцца з 80 да 35 еўра для грамадзян Беларусі. Беручы пад увагу абмежаванні па часе і працэдурныя патрабаванні, павышэнне шэнгенскага візавай збору з 2 лютага 2020 адмяніць (замарозіць) для грамадзян Беларусі немагчыма”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Раней міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заклікаў ЕЗ „выкарыстаць усе магчымасці для таго, каб замарозіць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў” у памеры 60 еўра да ўваходжання дакумента ў сілу.

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Беларусь і ЕЗ падпісалі 8 студзеня. Дакументы павінны прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Нацыянальным сходзе Беларусі і Еўрапейскім парламенце.

Палажэнні пагадненняў пачнуць прымяняцца ў першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі аб выкананні бакамі ўнутраных працэдур.

belapan.by