«Адна на ўсіх»
Прававы рэжым ваеннага стану ва Украіне забараняе правядзенне парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, хаця галава дзяржавы Уладзімір Зяленскі заявіў аб гатоўнасці да іх. Але галоўнае для Украіны – не сам факт правядзення, а прызнанне ў свеце іх вынікаў. Свабодныя, сумленныя, дэмакратычныя, нават падчас нападу на краіну, выбары павінны адбыцца. Гэта меркаванне заходніх партнёраў Украіны, якія аказваюць ёй вайсковую дапамогу – прынамсі, ЗША.
Не сакрэт, што да поўнамаштабнага ўварвання Украіна мела імідж карумпаванай дзяржавы, і зараз амерыканцы пільна сочаць за кожнай адзінкай зброі і за кожным далярам, якія перадаюць Украіне. Дэмакратычная краіна, дзе немагчымыя «абнуленні» прэзідэнцкіх тэрмінаў, дзе народ паказаў, што яго волевыяўленне мае сапраўдную сілу, усё ж такі прызнае рэаліі: тут – вайна. А гэта значыць, што сёння ва Украіне ёсць пяць катэгорый грамадзян. Першая – людзі, якія на момант пачатку выбарчай кампаніі жывуць у сябе дома па сваіх адрасах. То бок, патрэбны спісы выбарнікаў. Другая – унутрана перамешчаныя грамадзяне, якія раскіданыя па розных рэгіёнах унутры краіны.
Стварыць іх спісы і прывесці да адпаведнасці вельмі складана. Трэцяя катэгорыя – на перадавой. Як складаць спісы ўкраінскіх воінаў, каб яны не патрапілі да ворага? З аднаго боку. З іншага боку, людзі ў акопах таксама мусяць зрабіць свой выбар. І як па лініі фронту арганізаваць выбарчыя ўчасткі, каб па іх не прыляцела варожая зброя? Чацвёртая катэгорыя – тыя ўкраінцы, хто знаходзіцца за мяжой. Прагаласаваць у пасольствах і консульствах мільёнам грамадзян таксама праблематычна. Пятая – украінцы на акупаваных тэрыторыях. Яны не змогуць паказаць сваё волевыяўленне, ім проста не дадуць. І яшчэ адзін вельмі важны момант – прысутнасць назіральнікаў для прызнання выбараў дэмакратычнымі.
Але як гарантаваць ім бяспеку, напрыклад, на перадавой? Імкненне Украіны правесці выбары паводле звычайнага календара прадугледжвае веру ў перамогу ў вайне да гэтага часу. І будзе добра, калі гэтая вера знойдзе матэрыяльнае падмацаванне ад заходніх партнёраў. Адна на ўсіх перамога – для іх не такая ўжо і вялікая цана. Было б жаданне.
Беларускае Радыё Рацыя