Аднаўленне дыпламатычнай працы ды размовы аб правах чалавека
Аднаўленне дыпламатычнай працы ды размовы аб правах чалавека. Між іншым такія вынікі пасля візіту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа заўважыў кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Адбыліся сустрэчы з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, дзе Майкл Пампеа дэклараваў магчымасць прызначэння пасла ЗША ў Беларусі найбліжэйшым часам. Таксама вялася гаворка пра перспектыву зняцця амерыканскіх санкцый супраць Беларусі, але павінны быць прагрэс у пытаннях правоў чалавека, свабоды прэсы і ўзмацнення ролі грамадзянскай супольнасці.
Візіт адбыўся на фоне агульнага пацяплення стасункаў Беларусі са светам, нагадвае Юрась Губарэвіч:
– Пацяпленне ў адносінах адбылося ўжо даўно, і мы можам назіраць толькі развіццё, гэта не старт, не перазапуск. Анансаванае таксама раней паўнавартаснае вяртанне амбасадаў у абедзве краіны, яно паказвае, што гэтыя змены адбываюцца. Падобныя выхады людзей на вуліцы раней маглі быць разагнаныя, зараз рэжым вырашыў, што дастаткова будзе штрафаў.
Канешне, гэта не тая ідэальная сітуацыя, якую хацелася б чакаць. Мы будзем звяртаць увагу і прадстаўнікоў Злучаных Штатаў ды іншых краінаў, перадусім Еўрапейскага Звязу, на тое, што да прагрэсу ў правах чалавека афіцыйнаму Менску яшчэ вельмі і вельмі далёка.
Майкл Пампеа наведаў Менск 1 лютага. Ён сустракаўся з афіцыйнымі ўладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, але не сустракаўся з апазіцыйнымі палітыкамі. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя