Адноўлена следства па справе знікнення Захаранкі



Следчы камітэт Беларусі аднавіў папярэдняе расследаванне па справе знікнення былога міністра ўнутраных спраў краіны Юрыя Захаранкі. Як паведаміў Deutsche Welle у сераду, 25 снежня, праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Захаранкі, ён атрымаў адпаведнае ўведамленне з СК.

Дакумент датаваны 18 снежня. Двума днямі раней медыякампанія DW абнародавала інтэрв’ю з былым байцом СОБРа Юрыем Гараўскім, у якім той прызнаўся ў саўдзельніцтве ў знікненні і забойстве Захаранкі, а таксама былога  старшыні Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага (адпаведна 7 траўня і 16 верасня 1999 года). Паводле слоў Гараўскага, усіх трох застрэліў камандзір СОБРу Дзмітрый Паўлічэнка. Цяпер Гараўскі знаходзіцца ў адной з краін Заходняй Еўропы і дамагаецца прытулку.

Алег Волчак, каментуючы рашэнне Следчага камітэту, у размове з DW сказаў: „Следчыя органы Беларусі адрэаагавалі дастаткова аператыўна на заяву пра ўдзел у выкраданні і забойствах экс-байца беларускага спецатраду Юрыя Гараўскага. Узноўлена папярэдняе расследаванне па факце знікненя ў Беларусі 20 гадоў таму экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі. Гараўскі, які хаваецца ў адной з краін Еўропы, важны сведка. Таксама неабходна дапытаць усіх, чые прозвішчы названы ў яго інтэрв’ю для DW”.

Інфармацыі пра ўзнаўленне іншых прыпыненых расследаванняў, якія датычаць знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, пакуль няма.

Беларускае Радыё Рацыя