„Адны словы – розны сэнс”



Бліцкрыг не атрымаўся. Ні праз тры дні, ні праз месяц. Пачаўся другі год вайны, і каляндар у галовах украінцаў зараз вядзе адлік у зваротным парадку – яна скончыцца ў гэтым годзе.

Украінская інфармацыйная прастора давала прагноз: хваравітая любоў расейцаў да рознага роду гадавін можа прывесці да масіраваных ракетных нападаў у перыяд з 22 па 24 лютага. Менавіта таму ўсе навучальныя ўстановы гэтымі днямі перайшлі на дыстанцыйную форму. На шчасце, прагнозы не апраўдаліся. Як кажуць аналітыкі, на гэта ёсць дзве асноўныя прычыны – ВСУ і ўкраінскае грамадства былі максімальна мабілізаваны і гатовыя да любога развіцця падзей, а расейцы выдатна гэта разумелі.

То бок дата маштабнай атакі можа быць зрушана на любы іншы дзень. Другая прычына, не менш рэальная – за год Крэмль не змог дасягнуць ні адной з заяўленых мэт. У першую чаргу, цалкам выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей, а значнага поспеху на полі бою не было. Але „ліць ваду” ў сваіх выступах бункерны дыктатар умее. У звароце да Федэральнага сходу ён сцвярджаў, што РФ не ваюе з народам Украіны, а тым часам яго «Грады» абстрэльвалі Херсон. Таксама адной з мэт так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі з’яўляецца выдаленне НАТА ад расейскіх межаў, хоць сам ён гэтыя межы толькі наблізіў – прывітанне ад стрыманай Фінляндыі і да нядаўняга часу нейтральнай Швецыі! А тут яшчэ сусветнае зло, якое спрабуе пабудаваць праект «анты-Расея», дзе Украіна – інструмент у руках гэтых сіл. І слухачы з задавальненнем глытаюць
гэтую ахінею, і апладыруюць стоячы кожнаму выхлапу з вуснаў маньяка. Ніхто не задумваецца, што суверэнная дзяржава Украіна мае права жыць і развівацца, не пытаючыся ў Масквы.

Затое зараз крамлёўскія прапагандысты прасоўваюць новую тэзу: добра, што не здарылася імклівая перамога ў тры дні, а тое фальшывае адчуванне ўсемагутнасці перашкодзіла б бачыць сапраўдную мэту Расеі. Ну, і няхай маскіруюць уласныя няўдачы і разбіраюцца ў мэтах, толькі аднолькавыя словы: 24.02.2022: танкі ва Украіне і 24.02.2023: танкі ва Украіне ўжо маюць розны сэнс.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя