Адны ствараюць новыя шпіталі, іншыя – брацкія могільнікі



У час сусветнай эпідэміі каронавірусу многія дзяржавы ствараюць новыя стацыянарныя ці часовыя шпіталі. У невялікім уральскім гарадку Камышлоў, што ў Расейскай Федэрацыі, рыхтуюцца да масавага пахавання людзей. Пра гэта паведамляе рэсурс kasparov.ru.

Мэр Камышлова (горад, у якім жыве 26 тысяч жыхароў, Свярдлоўская вобласць) Аляксей Палоўнікаў рыхтуецца да вайны: у горадзе ствараюць камісію па пахаванні трупаў ва ўмоваў надзвычайнага становішча і вайны. Яе члены павінны вырашыць, дзе капаць брацкія магілы. Інфармацыя пра гэта змешчана на афіцыйным сайце адміністрацыі Камышлова.

На 19 старонках рэгламентуецца не толькі праца камісіі, але і парадак захавання целаў загінуўшых. У камісію павінны ўвайсці галоўны доктар мясцовага шпіталю, кіраўнікі ЗАГСу, АВД, спецыяліст з Расспажыўнагляду і іншыя.

Мяркуецца, што людзей будуць хаваць у брацкіх магілах (да ста трупаў, якія будуць класці на некалькіх роўняў адны на другіх), у трунах альбо мяхах, а побач з такімі магіламі патрэбна абсталяваць „пляцоўкі для аддавання вайсковай пашаны”.

Трупы „памерлых у выніку цяжкіх інфекцыйных захворванняў” прадэзінфікуюць: насыплюць на дно магіл вапнавую рошчыну, а целы загорнуць у тканіну, змочаную ліазолам. Перавозіць трупы будуць у транспарце Камышлова, але не выключана, што задзейнічаюць машыны „арганізацый, прадпрыемстваў і установаў, якія не перавозяць харчаванне”.

Адзначаецца, што ў Расеі расце колькасць каронавірусных хворых – на 19 сакавіка было пацверджана 147 выпадкаў. Але Камышлоў, імаверна, адзін з першых гарадоў, дзе адміністрацыя вырашае пытанні з пахаваннямі загінулых ва ўмовах надзвычайнага становішча.

Беларускае Радыё Рацыя