Адрыян Зандберг: Польшча не ёсць краінай дабрабыту
„Польшча не ёсць краінай дабрабыту пасля чатырох гадоў кіравання краінай,” – сказаў дэпутат Сейму ад Левых сілаў Адрыян Зандберг, каментуючы сённяшні выступ прэмер-міністра Матэвуша Маравецкага.
– У краіне дабрабыту – таннае жыллё, якое даступнае ўсім. У краіне дабрабыту – добра фінансаваныя бальніцы. У краіне дабрабыту – насамрэч бясплатная медыцына і насамрэч бясплатная адукацыя. У краіне дабрабыту кожны адчувае сябе бяспечным на вуліцы, а не робіцца ахвярай збіцця правымі фанатыкамі, як тое было нядаўна ў Беластоку.
Адрыян Зандберг згадаў у сваім выступленні пра рост нацыяналістычных тэндэнцый у Польшчы і адзначыў:
– „Права і справядлівасць” размаўляла з маімі сябрамі з Гайнаўкі. Яны праваслаўныя. І з насцярожанасцю глядзяць на палітыку вашага аб’яднання, якое шануе забойцаў іх дзядоў. І мне запалі ў памяць такія словы: як я чую такія выказванні палітыкаў „Права і справядлівасці”, то адчуваю, што Польшча іх не хоча. Я хачу сказаць адкрыта і зразумела: Польшча не ёсць уласнасцю ПІСу, Польшчы не ёсць уласнасцю правых фанатыкаў, а тая душная атмасфера, якую ваш урад распаўсюдзіў над краіна, яна закончыцца.
Зандберг адзначыў таксама, што Левыя дэмакратычныя сілы маюць падрыхтаваныя праекты законаў у справе фінансавання аховы здароўя а таксама павышэння заработнай платы ў бюджэтнай сферы.
Левыя дэмакратычныя сілы вярнуліся ў Сейм пасля 4-х гадовай адсутнасці.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя