Адвакат Бабарыкі адмаўляе, што яго падабароннаму прапанавалі вылецець на Кіпр 



Віктар Бабарыка не атрымліваў ніякіх прапановаў пра вызваленне з СІЗА КДБ пад якія-небудзь умовы, кажа яго абаронца.

„Віктар Дзмітрыевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ, ніякіх прапановаў аб вызваленні яму не паступала. Хадайніцтвы і скаргі аб змене меры стрымання адхіленыя. Пра непрызнанне віны паведаміла КДБ на сваім сайце — у гэтых адносінах нічога не змянілася. Зараз мы разам знаёмімся з матэрыяламі справы. І працягваем настойваць на невінаватасці”, — распавёў парталу TUT.by адвакат палітвязня Дзмітрый Лаеўскі.

Напярэдадні пра магчымае вызваленне Бабарыкі з СІЗА КДБ заявіў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка. Паводле яго звестак, гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. Па словах Латушкі, беларускія ўлады ставяць умовай вызвалення, каб Бабарыка пакінуў Беларусь і з’ехаў на Кіпр.

Беларускае Радыё Рацыя