Адвакат Бабарыкі Лаеўскі: Мэта маёй працы — яго свабода і пацвярджэнне невінаватасці
„Арышт Віктара Дзмітрыевіча, зроблены насуперак праву, адкрыў новую старонку яднання беларусаў і ўсведамлення імі сябе як нацыі”, — заявіў адвакат арыштаванага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, экс-старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі ў звароце да чытачоў сваёй старонкі ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
„Вы мяне прабачце за патэтыку, але гэта сапраўды так, — піша Лаеўскі. — Гэта вельмі беларускі чалавек (а я такія рэчы адчуваю), і проста так склаліся абставіны, што ён з’явіўся ў той час, калі, мабыць, аформілася ў ім патрэба”.
„Яму цяпер нялёгка, але ён вытрымае і выстаіць. Не спыняйцеся і працягвайце пісаць яму лісты, не забываючы пра іншых людзей у СІЗА, якія таксама пацярпелі”, — заклікаў адвакат.
Ён папрасіў прабачэння за тое, што не можа ўсім адказаць: „Я атрымліваю сотні паведамленняў, і яны ўсе выдатныя і вартыя адказу, але гэта фізічна немагчыма, хоць я ўсё чытаю”.
„Я прашу прабачэння ў журналістаў, на чые званкі і паведамленні я не паспяваю адказваць. Стараюся адказваць, але шмат момантаў, калі я без тэлефона або планшэта, або калі мне трэба тэрмінова рыхтаваць дакумент, або калі нарада з калегамі, або суды і следства. За гэтыя дні я пранікся вялікай павагай да СМІ, таму што без вас нас бы не пачалі пускаць кантактаваць з кліентамі ў СІЗА і наогул многія пытанні, напэўна, не вырашыліся б”, — адзначыў Лаеўскі.
Адвакат таксама пракаментаваў сыход з яго бюро пяці з васьмі супрацоўнікаў пасля таго, як ён узяўся за справу Бабарыкі: „Ніякага націску ні на каго не было, ды і за што, і кожны мае права сам вызначаць свой шлях, таму гэтая тэма закрыта. Але на гэта адгукнуліся сотні, калі не тысячы, беларусаў з рознымі прапановамі дапамогі, і я вам так удзячны, што нават не ведаю, як гэта выказаць. І яшчэ раз дзякуй маім, вы лепшыя!”
„Калі я заканчваў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, я добра запомніў словы завуча — Лявона Баршчэўскага, які сказаў, што чыноўнікі мяняюцца, а са сваім сумленнем нам жыць усё жыццё. Мэта маёй працы — свабода Віктара Бабарыкі і пацвярджэнне яго невінаватасці. Гэта можа быць не хутка, і гэта дакладна не будзе проста. Але мы з вамі пройдзем гэты шлях да канца. Лічыце гэта абяцаннем”, — напісаў Лаеўскі.
11 чэрвеня ў „Белгазпрамбанку” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасці „Белгазпрамбанка” праводзіцца па яго даручэнні, пры гэтым сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.
Віктар Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункту гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар”, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”.
18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя. На прэс-канферэнцыі ў гэты ж дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што Віктар Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Паводле слоў старшыні КДК, усяго ў рамках расследавання распачатыя справы па шасці артыкулах КК.
Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Адвакаты пацвердзілі журналістам факт выстаўлення Віктару Бабарыку абвінавачанняў, але называць канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса абаронцам забаронена.
belapan.by