Адвакат Ілья Салей застанецца пад хатнім арыштам яшчэ на два месяцы



Ілья Салей, адвакат члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і юрыст штаба Віктара Бабарыкі, застанецца пад хатнім арыштам яшчэ на два месяцы. Генеральная пракуратура працягнула тэрмін яго ўтрымання да 16 лютага 2021 года, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Салею забаронена пакідаць кватэру на працягу ўсяго часу сутак, мець зносіны з кім-небудзь, акрамя адвакатаў. Ён не можа карыстацца інтэрнэтам, тэлефанаваць і адпраўляць папяровыя лісты.

Ілья Салей быў затрыманы 9 верасня. Праз дзевяць дзён яму было выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

10 кастрычніка Салей быў адным з удзельнікаў размовы ў СІЗА КДБ Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі. Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы з-за кратаў выйшлі некалькі яе ўдзельнікаў: палітолаг Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, юрыст і медыятар Лілія Уласава. 16 кастрычніка Салею змянілі меру стрымання на хатні арышт.

belapan.by