Адвакат Лаеўскі: Віктар Бабарыка ўспрыняў прысуд спакойна і разумее, што ён з’яўляецца часовым



Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка”, экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта краіны Віктар Бабарыка спакойна ўспрыняў абвешчаны 6 ліпеня абвінаваўчы прысуд, заявіў адвакат экс-банкіра Дзмітрый Лаеўскі падчас стрыму на youtube-канале Бабарыкі.

„Для Віктара Дзмітрыевіча гэты прысуд не стаў нейкай нечаканасцю, — сказаў ён. — Увогуле па тым, як пачынаўся працэс і як ён ішоў, прысуд быў чаканым, і Віктар Дзмітрыевіч яго ўспрыняў спакойна. Прававыя падставы для такога прысуду адсутнічалі, Віктар Дзмітрыевіч гэта разумее. І, зыходзячы з гэтага, ён разумее, што гэты прысуд з’яўляецца часовым. Таму можна сказаць, што ён успрыняў яго як акалічнасць жыцця”.

Лаеўскі коратка пазначыў, чаму абарона лічыць абвінавачанні ў адрас Бабарыкі неправамернымі. Ён нагадаў: экс-банкір абвінавачваўся ў тым, што нібыта ён стварыў і кіраваў арганізаванай злачыннай групай з ліку супрацоўнікаў банка, у яе складзе атрымаў хабар і легалізаваў сродкі, здабытыя злачынным шляхам. Пад хабарам, паводле слоў адваката, „абвінавачаннем разумеюцца дывідэнды, якія пералічваліся з разліковага рахунку беларускіх суб’ектаў гаспадарання на разліковы рахунак замежных кампаній, а тыя замежныя кампаніі былі ўдзельнікамі гэтых беларускіх суб’ектаў”.

Абаронца Бабарыкі растлумачыў, што ў злачынства, якое называецца атрыманнем хабару, ёсць тры галоўныя прыкметы. Па-першае, павінен быць факт прыняцця асобай матэрыяльных каштоўнасцяў, па-другое, гэтыя каштоўнасці павінны быць перададзены выключна ў сувязі са службовым становішчам гэтай асобы, па-трэцяе, іх перадача павінна абумоўліваць нейкія дзеянні асобы, якой даецца хабар.

Паводле слоў адваката, дывідэнды, якія абвінавачанне палічыла хабарам, пералічваліся на падставе рашэння агульнага сходу ўдзельнікаў у безнаяўным парадку на рахунак замежнага суб’екта, таму Бабарыка і іншыя абвінавачваныя не станавіліся іх уласнікамі. Такім чынам, сказаў Лаеўскі, „прыкмета прыняцця грашовых сродкаў не можа лічыцца пацверджанай”.

Адвакат таксама звярнуў увагу на тое, што дывідэнды ад беларускіх арганізацый пералічваліся іх удзельнікам, таму што тым належыць доля ў статутным фондзе, а не з-за таго, што Бабарыка і іншыя абвінавачваныя займалі нейкае службовае становішча. „Другая прыкмета складу злачынства — атрымання хабару — адсутнічае нават на ўзроўні аналізу тэксту абвінавачання”, — канстатаваў Лаеўскі.

„Абвінавачанне гаворыць, што нібыта за дывідэнды, якія пералічваліся беларускімі суб’ектамі гаспадарання латвійскай і эстонскай кампаніям, супрацоўнікі банка спрыяльна вырашалі пытанні ў інтарэсах камерцыйных арганізацый, — сказаў ён. — Прыкмета абумоўленасці дзеянняў таксама не пацверджаная, таму што ўсе, хто прысутнічаў на працэсе, маглі чуць: ні адзін з абвінавачваных не сказаў, што нейкія яго дзеянні былі абумоўленыя матэрыяльнай узнагародай. Супрацоўнікі банка, якія дапытваліся ў якасці сведак, таксама не казалі, што нейкія рашэнні прымаліся ў абмен на нейкую незаконную матэрыяльную ўзнагароду. Тыя, хто названы хабарадавальнікамі, не казалі, што звярталіся з нейкімі просьбамі да супрацоўнікаў банка, каб тыя зрабілі нейкія дзеянні”.

Судовы разбор доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. Экс-банкір знаходзіўся пад вартай з 18 чэрвеня 2020 года.

Беларускія праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітвязнем.

belapan.by