Адвакат: Максіму Знаку выстаўленае абвінавачанне



Юрысту, члену прэзідыума Каардынацыйнай рады Максіму Знаку выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), паведаміў адзін з яго адвакатаў Яўген Пыльчанка.

„Раніцай Максіму выставілі абвінавачанне. Ён не згодны з тым, як працэсуальна ўсё адбываецца, не згодны з абвінавачаннем, таму абвясціў галадоўку”, — распавёў адвакат.

На думку абароны, абвінавачанне, выстаўленае Знаку, незаконнае і неабгрунтаванае.

Пыльчанка таксама паведаміў, што ў 16 гадзін у Менскім гарадскім судзе павінен быў пачацца разгляд скаргі абароны на заключэнне Знака пад варту. Падтрымаць калегу і паручыцца за яго каля суда сабраліся некалькі дзясяткаў адвакатаў.

13 верасня другі адвакат Знака Дзмітрый Лаеўскі звярнуўся да калег-юрыстаў з просьбай у знак салідарнасці выступіць асабістымі паручыцелямі Максіма. „У першы ж дзень адгукнуліся многія вядомыя адвакаты і даслалі свае хадайніцтвы аб асабістым паручыцельстве. Мы будзем хадайнічаць аб тым, каб суд апытаў патэнцыйных асабістых паручыцеляў. Гэта ўнікальная і беспрэцэдэнтная сітуацыя для Беларусі — адвакаты заяўляюць пра гатоўнасць асабіста паручыцца за калегу, які беспадстаўна арыштаваны за прафесійную дзейнасць. Гэта сапраўдная салідарнасць адвакацкай супольнасці. Мы вельмі ўдзячныя і чакаем іншых калегаў, бо такое паручыцельства — гэта высокі маральны крок, заступіцца за сваіх — гэта ганарова”, — адзначыў Лаеўскі.

Максім Знак быў затрыманы раніцай 9 верасня.

Справа па ч. 3 арт. 361 КК была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай па ініцыятыве былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Па гэтай жа справе ў якасці абвінавачванай праходзіць член прэзідыума КР Марыя Калеснікава і ў якасці падазраванага яе адвакат Ілья Салей.

З сямі членаў прэзідыума КР на свабодзе і ў Беларусі застаюцца толькі кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі, які раніцай 18 верасня выйшаў на свабоду пасля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, і нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. Астатнія — альбо арыштаваныя па крымінальных справах, альбо вымушаныя былі пакінуць Беларусь.

belapan.by