Адвакат не пацвердзіў перавод Віктара Бабарыкі на Валадарку
Па словах аднаго з адвакатаў Віктара Бабарыкі – Іллі Салея, сёння 28 ліпеня адвакаты павінны былі наведаць свайго падабароннага.
Сам Ілля Салей прысутнічаў пры перадачы хадайніцтваў пра змяненне меры ўтрымання Віктара Бабарыкі, што прынеслі ў прыёмную КДБ сябры штабу Бабарыкі і іншыя грамадзяне:
– Сёння адвакаты, якія ажыццяўляюць крымінальную абарону, павінны былі наведаць Віктара Дзмітрыевіча. Наколькі нам вядома, ён адчувае сябе добра, чытае кнігі, таму ўмовы даволі прымальныя. У цэлым каманда працуе над тым, каб Віктар выйшаў з СІЗА. У сувязі з гэтым мы ініцыявалі сённяшнюю падачу хадайніцтваў, кожны чалавек мае права выступіць асабістым паручальнікам, каб Віктар Дзмітрыевіч быў не ў СІЗА, а ў хаце.
Таксама Ілля Салей не пацвердзіў чутак, што Віктара Бабарыку перавялі з СІЗА КДБ у следчы ізалятар Міністэрства ўнутраных спраў, так званую Валадарку:
– На колькі мне вядома, гэта інфармацыя пакуль не знайшла пацверджання. Гэта толькі з’явілася ў прэсе, у мяне такой інфармацыі няма. Я так жа, як і вы, даведаўся пра гэта з прэсы і пацвердзіць не магу.
Падчас падачы хадайніцтваў у прыёмную КДБ, міліцыя пачала затрымліваць усіх, хто знаходзіўся побач. Былі схопленыя больш за 10 журналістаў, якіх пазней адпусцілі. А таксама не менш за дзесяць грамадзянаў, якія спрабавалі перадаць свае хадайніцтвы пра змяненне меры стрымання Віктару Бабарыку.
Беларускае Радыё Рацыя