Адвакат сустрэўся з затрыманым Рыгорам Кастусёвым



 З затрыманым старшынёй Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым сустрэўся адвакат, паведаміў у сацсетках зяць палітыка Зміцер Антончык.

„Артыкул пацвердзілі 357. Настрой у Рыгора нармальны. Здароўе ў норме. Больш інфармацыі не маю”, — напісаў ён.

Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць) і даставілі ў КДБ.

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. „Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з’явіцца ў Мінск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё прэзідэнта і дзяцей”, — сказаў Лукашэнка падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку.

Ён паведаміў, што ўлады па „каналах адпаведных папярэдзілі і Расею, і іншых, каб былі ў тэме, не дай бог, адказ будзе вельмі жорсткім”.

„Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Менск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны паехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі больш шырока глядзець: Кастусёў (Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ. — БелаПАН.) з’явіўся там”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, следам быў зварот да прэзідэнта і кіраўніка ФСБ Расеі. „І мы іх там узялі. Выехала наша група — 11 або 12 чалавек — група захопу”, — дадаў ён.

Начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў у эфіры праграмы „Контуры” на тэлеканале ОНТ 18 красавіка, што затрыманым па справе аб узброеным мяцяжы і замаху на Лукашэнку і яго сям’ю пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

„Распачатая крымінальная справа паводле [ч. 1] арт. 357 КК — гэта змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было. Санкцыя часткі першай гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў”, — сказаў прадстаўнік камітэта.

На яго сцвярджэнне, затрыманыя па справе супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. КДБ падрыхтаваў „запыты ў кампетэнтныя ўстановы юстыцыі замежных дзяржаў аб аказанні нам прававой дапамогі пры расследаванні гэтай крымінальнай справы”.

19 красавіка кіраўніцтва Партыі БНФ выступіла з заявай, у якой патрабуе вызваліць старшыню Рыгора Кастусёва і даць яму магчымасць на волі „абвергнуць усе падазрэнні і даць вычарпальныя растлумачэнні адносна любых абвінавачанняў на свой адрас”.

belapan.by