Адвакат: Віктар Бабарыка знаходзіцца ў КДБ, сустрэча з ім магчымая ў хуткім часе



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка зараз знаходзіцца ў Камітэце дзяржбяспекі, паведаміў БелаПАН адзін з яго адвакатаў Дзмітрый Лаеўскі.

На пытанне, ці ўдалося яму ўжо сустрэцца са сваім кліентам, адвакат адказаў: „Я спадзяюся, што гэта сёння адбудзецца, і, можа быць, найбліжэйшым часам”.

Лаеўскі паведаміў, што інтарэсы Эдуарда Бабарыкі, сына і кіраўніка ініцыятыўнай групы экс-банкіра, прадстаўляе не ён, прозвішча яго абаронцы ён пакуль не стаў раскрываць. „У самым хуткім часе я гэтую інфармацыю змагу вам паведаміць, але з пэўных меркаванняў цяпер не скажу”, — сказаў ён.

Зранку 18 чэрвеня Віктар і Эдуард Бабарыкі былі дастаўленыя ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, у доме сям’і Бабарыкаў, а таксама кватэры Эдуарда і яго дзяўчыны прайшлі вобшукі. Пазней стала вядома, што абодва Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. На працягу ўсяго дня адвакаты не маглі сустрэцца са сваімі кліентамі.

18 чэрвеня на прэс-канферэнцыі для вузкага кола журналістаў старшыня КГК Іван Церцель заявіў, што экс-старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам, кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які Віктар Бабарыка ўзначальваў каля 20 гадоў і пакінуў у сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, а таксама шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” паводле яго даручэння. Пры гэтым ён сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

Сам Бабарыка звязвае тое, што адбываецца, з яго палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”. — Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна мае палітычны характар”.

belapan.by

Фота gazetaby.com