Адвакат Віктара Бабарыкі: Наведваць яго ў СІЗА цяпер не дазваляюць



 Адвакаты Віктара Бабарыкі не могуць наведваць яго ў СІЗА КДБ — бачыцца з падабаронным цяпер яны могуць толькі пры вывучэнні матэрыялаў справы ў адміністрацыйным будынку КДБ, распавёў адвакат экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Дзмітрый Лаеўскі.

„Віктар Дзмітрыевіч здаровы, адчувае сябе нармальна, сумесна з адвакатамі актыўна вывучае матэрыялы справы. Чытаючы матэрыялы, мы высвятляем, на чым заснаваныя прэтэнзіі КДК да падабароннага, рыхтуемся да працэсу. Пазіцыя абароны вам вядомая — катэгарычная нязгода з абвінавачваннем, гэтая пазіцыя нязменная з моманту затрымання Віктара Дзмітрыевіча 18 чэрвеня мінулага года. Ёсць шмат аргументаў за невінаватасць. Больш дэталёва меркаванне можна будзе выказаць па заканчэнні азнаямлення”, — распавёў Лаеўскі.

Карыстацца фотаздымкай пры вывучэнні матэрыялаў справы абароне не дазволілі, а самі матэрыялы абаронцы вывучаюць разам з Бабарыкам, сустракаючыся ў адміністрацыйным будынку КДБ.

„Усё гэта вельмі і вельмі моцна абцяжарвае нашу працу. Наступны тыдзень мы яшчэ чытаем матэрыялы, такі тэрмін устаноўлены. Па выніках азнаямлення з матэрыяламі абарона заявіць хадайніцтва. А ў залежнасці ад вынікаў іх вырашэння будуць альбо нейкія дадатковыя працэсуальныя дзеянні, альбо справа будзе накіраваная пракурору. Як я разумею, яснасць па пытанні прызначэння судовага працэсу з’явіцца да канца студзеня”, — сказаў Лаеўскі.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам ён перакананы ў адваротным.

24 лістапада КДБ паведаміў аб заканчэнні папярэдняга расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да топ-мэнэджараў „Белгазпрамбанка”. „Арганізатару злачыннай дзейнасці, былому старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктару Бабарыку, выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь, па фактах атрымання хабараў арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі („адмывання”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна”, — гаварылася ў паведамленні.

Віктар Бабарыка адзіны з фігурантаў не прызнаў сваю віну.

„Міжнародная амністыя” прызнала Віктара Бабарыку палітычным зняволеным.

belapan.by

Фота: reform.by