Адвакат: Віктару Бабарыку не паведамілі пра перапынак па яго справе ў судзе



Экс-банкіра і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыку не паставілі ў вядомасць аб перапынку па ягонай справе ў судзе, паведаміў у сваім тэлеграм-канале адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Абаронца сёння наведаў Бабарыку ў СІЗА КДБ. „Аказалася, што яму нават не паведамлялі пра перапынак у судзе. Даведаўшыся пра прычыны перапынку, ён таксама здзівіўся, чаму не задзейнічаны запасны суддзя або народны засядацель, якія абвешчаныя былі ў першы дзень пасяджэння. Яшчэ пагаварылі пра канспіралогію і інфармацыйныя ўкіды, пасмяяліся”, — зазначыў ён.

Паводле слоў Лаеўскага, ягоны падабаронны выдатна трымаецца: „Ні прапаганда, ні сфабрыкаваныя абвінавачванні, ні арышт сына і блізкіх людзей, ні пагроза канфіскацыі маёмасці, ні восем месяцаў зняволення — нішто не зламала волю чалавека, ён застаецца свабодным нават у турме, з ясным розумам і верай у дабро”.

Працэс па справе „Белгазпрамбанка” пачаўся 17 лютага і праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым. Заяўку БелаПАН на асвятленне працэсу адхілілі без тлумачэння прычын, некаторым медыя адмовілі ў акрэдытацыі з-за „недахопу месцаў”. Вядома, што акрэдытацыю атрымалі шэраг беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ. Недзяржаўныя СМІ не змаглі трапіць і на папярэдняе пасяджэнне па справе 4 лютага. Будынак суда ў той дзень быў зачынены для наведвальнікаў і акружаны металічнымі агароджамі, вакол дзяжурылі сілавікі.

23 лютага стала вядома, што ў судзе абвешчаны перапынак як мінімум да 9 сакавіка ў сувязі з хваробай аднаго з членаў складу суда.

Сама справа паўстала летам мінулага года, праз месяц пасля таго, як Віктар Бабарыка абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення банка. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана каля 4 млн долараў, каштоўныя паперы на 500 тыс. долараў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (яна фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн долараў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.

18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі. Былому банкіру выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).

Топ-менеджарам „Белгазпрамбанка” Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, Аляксею Задойку і Сяргею Дабралёту было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару ў буйным памеры).

belapan.by