Адвакату Марыі Калеснікавай Ілью Салею працягнулі хатні арышт да 16 красавіка



Ілья Салей, адвакат члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і юрыст штаба Бабарыкі, застанецца пад хатнім арыштам яшчэ на два месяцы — да 16 красавіка, паведамляе тэлеграм-канал экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Адзначаецца, што ёсць і добрыя навіны пра Салея — ён ачуняў ад каранавіруса, які перанёс дома. „Гуляе па балконе, дыхае свежым паветрам, шмат чытае, перадае ўсім прывітанне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ілья Салей быў затрыманы 9 верасня 2020 года. Праз дзевяць дзён яму было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

10 кастрычніка Салей прысутнічаў на сустрэчы ў СІЗА КДБ Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі. Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы з-за кратаў выйшлі некалькі яе ўдзельнікаў. 16 кастрычніка Салею змянілі меру стрымання на хатні арышт.

Салею забаронена пакідаць кватэру на працягу ўсяго часу сутак, мець зносіны з усімі, акрамя адвакатаў. Ён не можа карыстацца інтэрнэтам, тэлефанаваць і адпраўляць папяровыя лісты.

belapan.by