Адвакату ўдалося сустрэцца з Сафіяй Сапегай
Аднаму з адвакатаў Сафіі Сапегі 28 мая ўдалося наведаць падабаронную ў СІЗА КДБ.
Як паведаміў БелаПАН адвакат Аляксандр Філановіч, яна выглядае бадзёрай і здаровай. „Паводле яе слоў, ніякі фізічны гвалт да яе з моманту затрымання да гэтага часу не прымяняўся. Яна не губляе бадзёрасці духу і спадзяецца на найхутчэйшае вырашэнне сітуацыі”, — сказаў абаронца.
Філановіч таксама паведаміў, што абарона падала скаргу на пастанову суда Партызанскага раёна Мінска аб адмове ў задавальненні скаргі на затрыманне Сапегі. Скарга будзе разгледжаная ў Мінскім гарадскім судзе 31 мая.
Грамадзянка Расеі Сапега была затрыманая 23 мая разам з беларускім сябрам Раманам Пратасевічам пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс.
На радзіме журналіст Пратасевіч абвінавачваецца на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы і ўнеслі яго ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Беларускія праваабаронцы прызналі абодвух палітзняволенымі.