Афіцыйнай прадстаўніцы Украіны адмовілі ў сустрэчы з украінскімі палітвязнямі ў Расеі
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што адміністрацыя расейскай турмы “Уладзімірскі цэнтрал” не дазволіла ёй сустрэцца з асуджаным украінцам Мікалаем Карпюком. Кіраўнік установы запэўніў, што яе заяву пачнуць разглядаць у пачатку наступнага тыдня. Раней Дзянісавай адмовілі ў сустрэчы з украінскім палітвязнем з Крыму – Алегам Сянцовым у калоніі.
Мікалай Карпюк асуджаны на 22,5 гады па абвінавачванні ва ўдзеле ў Першай чачэнскай вайне. Ён заяўляе, што ніколі нават не быў у Чачні. Алега Сянцова асудзілі на 20 гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі Крыму. Сянцоў сваёй віны таксама не прызнаў.
