Афіцыйны Кіеў занепакоены затрыманнем журналіста Дзяніса Івашына
Афіцыйны Кіеў занепакоены затрыманнем у Гародні журналіста Дзяніса Івашына, гаворыцца ў заяве МЗС Украіны, якая паступіла ў БелаПАН.
„Беларускі грамадзянін са статусам замежнага ўкраінца, журналіст і валанцёр Дзяніс Івашын дапамагаў распавядаць свету аб злачынствах падчас расейскай агрэсіі супраць нашай дзяржавы. Таму яго затрыманне выклікала занепакоенасць МЗС Украіны, як і многіх украінцаў, якія сачылі за яго журналісцкай і валанцёрскай дзейнасцю”, — адзначаецца ў заяве.
МЗС „перакананае, што журналісцкая дзейнасць не можа і не павінна быць падставай для пераследу”. „Гэта затрыманне выклікае асаблівую заклапочанасць на фоне наступу на свабоду слова, жыццё і здароўе журналістаў у Рэспубліцы Беларусь. Мы патрабуем, каб разгляд справы Дзяніса Івашына быў празрыстым і непрадузятым, і працягваем уважліва сачыць за кожным далейшым крокам беларускай улады ў дачыненні да яго”, — падкрэслівае знешнепалітычнае ведамства Украіны.
Івашын быў затрыманы вечарам 12 сакавіка ў сваёй гарадзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У дачыненні да яго абраная мера стрымання – двухмесяцавае ўтрыманне пад вартай. Івашын абвінавачаны па арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў), яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Падчас вобшукаў канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, банкаўскія карты, кнігі, нататнікі, запісы, грошы і інш.
Дзяніс Івашын займаецца журналісцкімі расследаваннямі, ён рэдактар беларускай службы створанай ва Украіне міжнароднай разведвальнай супольнасці InformNapalm. Вывучаў уплыў Расеі на сітуацыю ў Беларусі, а таксама лёс украінскіх сілавікоў, якія пераехалі ў краіну пасля падзення рэжыму Віктара Януковіча.
Фота: pravdainform.com.ua.