Афіцыйны Менск не супраць малога памежнага руху?



Беларускі бок падтрымлівае ўвядзенне бязвізавага руху з Польшчай і Літвой для жыхароў памежных тэрыторый, але пакуль не мае тэхнічных магчымасцяў для яго ажыццяўлення.

Гэта вынікае з адказу, які атрымаў на свой запыт у Міністэрства замежных спраў Беларусі сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

адказ

Алесь Зарэмбюк з’яўляецца адным з ініцыятараў кампаніі “Малы памежны рух – даеш старт!” і спадзяецца, што пытанне ўсё ж вырашыцца станоўча:

Я вось літаральна днямі атрымаў адказ на свой запыт у Міністэрства замежных спраў Беларусі. З адказу вынікае, што чыноўнікі абсалютна не супраць увядзення малога памежнага руху і чарговы раз дэкларуюць жаданне нашай дзяржавы ўвесці такі рух у дзеянне. Яны спасылаюцца на пакуль яшчэ адсутнасць тэхнічных магчымасцяў для ўвядзення гэтага руху, на тое, што неабходна вывесці інфраструктуру на адпаведны ўзровень, што трэба ўпарадкаваць усе неабходныя механізмы і інструменты.

Таксама Алесь Зарэмбюк накіроўваў запыт адносна бязвізавага руху для жыхароў памежных тэрыторый у Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. З гэтага ведамства адказ пакуль яшчэ не прыйшоў.

Дамова пра ўвядзенне малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай была падпісана ў 2010 годзе. Аднак да гэтага часу польскі бок не атрымаў афіцыйную ноту з Менска, без чаго дамова не можа ўвайсці ў дзеянне. Адпаведнае пагадненне з Літвой падпісанае ў 2011 годзе, яно таксама да гэтага часу не дзейнічае.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters