Афіцыйны Менск вітае рашэнне пасольства ЗША адносна аднаўлення візавых паслуг
Афіцыйны Менск вітае рашэнне пасольства ЗША аб аднаўленні ўсяго спектра візавых паслуг. Аб гэтым заявіў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Амерыканская дыпмісія з 1 лютага аднавіла прадастаўленне ўсяго спектра паслуг, звязаных з выдачай неіміграцыйных віз ЗША. Такія візы ў Менску змогуць атрымліваць усе катэгорыі грамадзян Беларусі. „Гэты крок разглядаем як неад’емную частку агульнага працэсу паступальнага паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносін”, – заявілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, каменціруючы гэта рашэнне.
Дзмітрый Мірончык адзначыў, што выдача віз з’яўляецца адной з асноўных консульскіх функцый дыппрадстаўніцтваў. Беларускі бок рады таму, што „гэты элемент адносін Беларусі і ЗША цяпер нармалізаваны”.
„Упэўнены ў тым, што цяперашні крок амерыканскага боку будзе садзейнічаць умацаванню дзелавых, турыстычных і гуманітарных кантактаў паміж нашымі краінамі”, – дадаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.