Афіцыйны Менск вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы
Афіцыйны Менск вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы, выкарыстоўваючы для гэтага нелегальных мігрантаў. Колькасць асоб, якія незаконна перасеклі беларуска-літоўскую мяжу з пачатку года перавысіла чатыры тысячы чалавек. Літва спрабуе выйсці з сітуацыі і пайшла на даволі радыкальны крок – пачала вяртаць нелегалаў назад у Беларусь.
Мужчына з Іраку да 29 гадоў. Літоўская статыстыка такім чынам апісала партрэт тыпавога нелегальнага мігранта. На працягу некалькіх месяцаў з Беларусі ў Літву, а таксама крыху ў Латвію і Польшчу, ідуць рознымі шляхамі і сцяжынкамі, выключна незаконнымі, выхадцы з Афрыкі ды Азіі, але ў большасці – грамадзяне Іраку. На літоўскім баку мяжы іх затрымліваюць, пэўна, таксама ў большасці, і змяшчаюць у адмыслова створаныя палявыя лагеры. Літва адразу западозрыла ўлады Беларусі ў адмысловых дзеяннях, а цяпер гэтаму ёсць і доказы. Так, у Менск будзе прылятаць больш самалётаў з Іраку, і не толькі з Багдаду, але таксама і з трох іншых буйных гарадоў. Літоўцы знялі з дрона машыну беларускіх памежнікаў, якая суправаджала мігрантаў да мяжы. Дый самі мігранты распавядаюць, як праз Беларусь іх арганізавана дастаўляць на мяжу з Літвой. Дарэчы, у большасці іх галоўная мэта – гэта Германія, а пра Літву многія з іх і ня чулі. Карацей, ішлі самі не ведалі дакладна куды, можа думалі, што адразу ў тую Германію. Спачатку нават казалі, што яны беларускія студэнты, пазней, што ўцякаюць з Беларусі з палітычных прычын. Але выгляд і мова гэтых уцекачоў аніяк не спрыялі таму, каб у гэтыя словы нехта паверыў.
Літва паклікала на дапамогу структуры Еўразвязу, плануе будаваць чатырохметровы плот уздоўж мяжы, але паколькі ўсе гэтыя працэсы патрабуюць часу, то пайшла на больш радыкальны крок і з трэцяга жніўня пачала вяртаць нелегалаў назад у Беларусь. Маўляў, ёсць міжнародныя дамоўленасці і Беларусь як першая бяспечная для мігрантаў краіна і павінна іх прымаць. Да таго ж нелегальная міграцыя як частка гібрыднай атакі кампраметуе інстытут палітычнага прытулку. У выніку нелегалы ўжо з’явіліся на вуліцах Гародні. Можна прагназаваць, што іх будзе станавіцца ўсё больш і больш.
Для падняцця настрою дадам, што віцэ-міністр унутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус распавёў, што ў першую чаргу нелегалам, якіх вяртаюць у Беларусь, кажуць, што яны, напэўна, заблукалі: бо яны прыехалі ў цудоўную краіну Беларусь, любаваліся яе прыродай, і заблукалі, цяпер яны могуць працягнуць свой тур па Беларусі.
Афіцыйны Менск шкодзіць зноў сам сабе, а заадно і беларускім грамадзянам. Што варта падкрэсліць: у злачынную схему ўцягнутыя многія, пачынаючы ад кіраўніцтва краін да памежны службаў і асобных турыстычных агенцтваў. Але і Літва сапраўды атрымала вялікую шкоду, бо мае канцэнтраваць вялікія людскія і фінансавыя сродкі дзеля змагання з праблемай. Да таго ж у намётавых лагерах з мігрантамі пачынаюцца непарадкі, непакояцца і мясцовыя жыхары, як вынік – расце незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Сітуацыя пакуль тупіковая, а ў Менск усё ляцяць і ляцяць тыя самалёты з Іраку.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя