Афіцыйны Менск запрашае міжнародных назіральнікаў



Беларускі бок ужо выслаў запрашэнне міжнародным назіральнікам з місіі АБСЕ на парламенцкія выбары-2016. Паводле экспертаў, улады зацікаўлены ў міжнародным прызнанні вынікаў выбараў, каб мець магчымасць атрымліваць фінансавую дапамогу ад Захаду.

maxresdefault

І гэта толькі адзін са складнікаў, перакананы палітолаг Юры Чавусаў:

– Можа быць для палітычных ацэнак гэтыя выбары і не маюць вялікага значэння для заходніх сталіц. Прынятая стратэгічная лінія на супрацу з афіцыйным Менскам. Парламенцкія выбары могуць стаць дасаднай перашкодай на гэтым шляху, а могуць не стаць. Што б там на парламенцкіх выбарах не было, яны іх забудуцца ўжо праз месяц і пачнуць аднаўляць стасункі, весці перамовы пра крэдыт МВФ і гэтак далей.

Палітолаг парламенцкую кампанію параўноўвае з прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, якія прайшлі адносна ціха. Паводле Юрыя Чавусава, менавіта гэта важнейшы аргумент беларускіх уладаў падчас дыялогу з Захадам.

* * *

Афіцыйныя ўлады запрашаюць міжнародных назіральнікаў на парламентскія выбары і спадзяюцца на аб’ектыўнасць. Адпаведны ліст з запрашэннем намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі перадаў старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Беларускі чыноўнік таксама падкрэсліў, што «беларускі бок разлічвае на непрадузяты падыход і аб’ектыўную ацэнку выбарчай кампаніі з боку міжнародных наглядальнікаў».

stefanovich-1

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч прыгадвае, што міжнародныя арганізацыі не прызнаюць беларускія выбары згоднымі стандартаў з 1995 года:

– І зараз БДІПЧ АБСЕ, я спадзяюся, будзе назіраць за выбарамі. Прынамсі, іх запрасілі. Будуць па сваёй метадалогіі рабіць іх ацэнку. Характэрна, што тэхнічная місія БДІПЧ АБСЕ не прыедзе на выбары. Яны сказалі, што нічога фактычна не змянілася, каб нешта вывучаць. Гэта паказальная сітуацыя.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Беларуская апазіцыя таксама заяўляе, што рыхтуецца да актыўнага назірання.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя