Афіцыйная пазіцыя: З правамі чалавека ўсё ў парадку, не цісніце на нас
Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе сабрала за адным сталом у Менску ўладу, апазіцыю і праваабаронцаў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы намеснік міністра замежных спраў Валер Варанецкі лічыць, што ўсе прэтэнзіі Еўропы і мясцовых апанентаў улады наконт выканання правоў чалавека не маюць пад сабою падставаў.
Прадстаўнік улады запатрабаваў не ціснуць на беларускую дзяржаву і не павучаць яе.
– Мы жывём у нашым агульным доме. Нам яго будаваць. Мы самі ведаем што нам рабіць. Мы баранілі сваю незалежнасць, сваё права “людзьмі звацца” заўсёды. Чаму нехта думае, што лепш разумее правы чалавека, чым мы, беларусы?! Перастаньце ціснуць, піхаць, і вы ўбычыце прыклад самай дэмакратычнай, гуманнай дзяржавы ў Цэнтральнай Еўропе.
Адзін з удзельнікаў мерапрыемства, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заўважыў у гутарцы з карэспандэнтам Радыё Рацыя, што Варанецкі – гэта, бадай, адзіны прадстаўнік улады, які дазваляе сабе дыскутаваць з апазіцыяй. Дыялогу як такога – няма, падкрэсліў палітык.
– Безумоўна, мы сустракаемся, размаўляем на вострыя тэмы. Гэта добра, але гэта не сістэмны дыялог. Каб быць сістэмным, ён мусіць весціся на канкрэтныя тэмы, якія турбуюць беларускае грамадства, каб вырашыць праблемы, якія сёння ёсць, і гэта мусіць быць нейкая пляцоўка стала дзеючая, дзе абмяркоўваюць праекты рэформ для Беларусі ва ўсіх галінах: палітычных, сацыяльных, у галіне правоў чалавека, эканамічных. Пакуль такой пляцоўкі няма. Ёсць толькі слабы шанец, што яна з’явіцца.
Заўважым, што адкрываў дэбаты спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека Міклаш Харасці, які, што праўда, прыехаў у Менск як прыватная асоба, бо беларускія ўлады не прызнаюць ягоны мандат. Харасці сказаў, што пакуль не бачыць заўважнага прагрэсу ў сітуацыі з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота spring96.org