Афіцыйны прадстаўнік ЕЗ распавёў, чаму не прынялі чацвёрты пакет санкцый
Чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў будзе прыняты „найбліжэйшым часам”. Чаму яго не падрыхтавалі да 10 траўня, як планавалася раней, TUT.BY распавёў афіцыйны прадстаўнік ЕЗ, прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.
Напярэдадні стала вядома, што прыняцце чацвёртага пакета санкцый супраць Беларусі адкладаецца да чэрвеня, хоць раней гаворка ішла пра 10 траўня. Прычына, як пісалі СМІ, у тым, што пакет дакументаў проста не паспелі падрыхтаваць.
Петэр Стана тлумачыць, чаму не паспелі — паміж краінамі-чальцамі ЕЗ ідуць дыскусіі наконт таго, хто з персаналій павінен быць у санкцыйным спісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі. Праца яшчэ працягваецца, і, па словах Стана, няма пэўнага тэрміну, да якога санкцыі павінны быць прыняты і абвешчаныя.
Петэр Стана адзначыў, што «ЕЗ цвёрда стаіць на баку народа Беларусі. Менавіта таму мы не мірымся з працяглымі рэпрэсіямі і парушэннямі асноўных свабод і правоў чалавека грамадзян краіны. Санкцыі будуць падрыхтаваны і канчаткова зацверджаны пасля таго, як завершацца дыскусіі паміж краінамі-членамі ЕЗ, і ўсе краіны-сябры пагодзяцца з іх маштабам і ўсімі, хто павінен быць падвергнуты санкцыям, а таксама пасля завяршэння ўсіх неабходных працэдур. Гэта працэс, які не мае загадзя ўсталяванай даты і заўсёды займае некаторы час, паколькі ўсе спісы (роўна рашэнні аб санкцыях у дачыненні да канкрэтных людзей або арганізацый) павінны мець надзейнае юрыдычнае абгрунтаванне, падмацаванае адпаведнымі доказамі, і аднагалосную згоду па іх усіх 27 дзяржаў-сябраў ЕЗ. Мы спадзяемся, што гэты працэс будзе завершаны ў бліжэйшы час».
У той жа час Еўразвяз, як падкрэсліў яго прадстаўнік, заклікае ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі, якія працягваюцца, і ўключыцца ў інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог для пошуку выхаду з бягучага крызісу, каб правы народа былі выкананыя, а яго голас і выбар адносна кіраўніцтва краінай былі пачутыя.