Агенцтва авіяцыйнай бяспекі ЕЗ выдала дырэктыву аб пазбяганні паветранай прасторы Беларусі
Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) 2 чэрвеня выдала дырэктыву, у якой заклікае дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі, паведамляецца на сайце еўрапейскага авіярэгулятара.
„Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрапейскага саюза выдала дырэктыву па бяспецы палётаў 2021-02, у якой утрымліваецца заклік да нацыянальных кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў EASA праінструктаваць эксплуатантаў паветраных суднаў аб тым, што выкананне палётаў у паветранай прасторы Беларусі больш не дазволенае, калі гэта не патрабуецца для бяспечнай працы ў непрадбачаных абставінах”, — гаворыцца ў паведамленні.
Мэта дырэктывы заключаецца ў „зніжэнні патэнцыйнай рызыкі для пасажыраў і экіпажаў, якая можа ўзнікнуць у выніку палётаў у паветранай прасторы Беларусі” пасля інцыдэнту з рэйсам ірландскай авіякампаніі Ryanair 23 траўня ў Менску.
„Абставіны, звязаныя з гэтай акцыяй, прымушаюць сур’ёзна сумнявацца ў павазе Беларуссю правілаў міжнароднай цывільнай авіяцыі і сведчаць аб злоўжыванні аэранавігацыйнымі працэдурамі з боку беларускіх уладаў. Па сутнасці гэта парушэнне прынцыпаў узаемнага даверу, якія ляжаць у аснове міжнароднай цывільнай авіяцыі”, — гаворыцца ў дырэктыве.
Дакумент будуць пераглядаць па меры неабходнасці з інтэрвалам не больш за месяц.
23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.
Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.
На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ІКАО павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.