Агляд прэсы: “А хто там ідзе?”
Страх ад прэтэнзій беларусаў на літоўскую гісторыю. Кім у гасцях у Пуціна. Прывід чарговага працэсу імпічменту ў ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Сутыкненне ідэнтычнасці паміж арыентаванымі на Еўропу беларусамі і літоўцамі адбілася ў сацыяльных сетках, а таксама ў вуснах палітыкаў, якія чакаюць выбараў у наступным годзе. У аснове ляжыць ліцвінізм, накірунак беларускага нацыяналізму, які ставіць пад сумнеў віленскацэнтрычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, сярэднявечнай дзяржавы, якая распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і аб’ядноўвала часткі сучасных Беларусі, Расеі і Украіны. Вядучае літоўскае выданне lrt.lt звярнула ўвагу на заяву ліберальнага дэпутата і члена парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Раймундаса Лапаты, які нядаўна заявіў, што ў краіне могуць пачаць крымінальны пераслед беларусаў, якія прапагандуюць ідэалогіі, „якія маюць на ўвазе прэтэнзіі на тэрытарыяльную цэласнасць Літвы”.
„Яго словы прагучалі ў сацсетках пасля бурнай дыскусіі, якую хутка падхапілі палітыкі: каму належыць гісторыя Вялікага Княства – Літве ці Беларусі? Відавочна, што вызначэнне беларусаў як пагрозы само па сабе небяспека. Гэта б’е па настроях насельніцтва Літвы і ўзмацняе антыпатыю да беларусаў. Дыскусіі пра літвінізм у Літве вядуцца пераважна ў палітычным кантэксце. І беларусы, прыхільнікі гэтай плыні, і літоўцы, якія бачаць у ёй пагрозу, часта кіруюцца эмоцыямі, а не фактамі. Паняцце ліцвінства трэба разглядаць шырэй, як рух, што падкрэслівае значэнне беларусаў, а дакладней продкаў сучасных беларусаў, у гісторыі Вялікага Княства, якое падаецца як найважнейшы этап у гісторыі беларусаў. Шкодзіць сітуацыі, што маецца некалькі накірунка ліцвінізму: ад памяркоўнага да радыкальнага. А яшчэ больш шкада, што тыя наратывы, якія апошнія 30 гадоў актыўна прасоўваў менскі рэжым, быццам беларуская гісторыя пачынаецца з бальшавізму і што Беларусь заўсёды была часткай Расеі, вельмі зручныя для Літвы”, – піша літоўскае выданне.
Пасля прыбыцця паўночнакарэйскага ўладара на бронецягніку ў Расею, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін зладзіў яму сустрэчу на касмадроме Усходні. Кіраўнікі дзяржаў відавочна маюць намер гаварыць аб пастаўках узбраенняў, неабходных Маскве, у той час як Пхеньян зацікаўлены ў новых тэхналогіях і прадуктах харчавання. „Чаму Масква, Пхеньян, а таксама Пекін змогуць атрымаць выгаду з расейска-паўночнакарэйскай здзелкі”, – сочыць за сітуацыя лонданская газета The Times.
„Адна з тэорый абвяшчае, што ў адносінах з Кімам пуцінская цікавасць у меншай ступені грунтуецца на тым, што прапануе Паўночная Карэя. Куды больш яго цікавіць тое, што можна атрымаць ад Кітаю. Падобны крок мог бы ўвянчацца поспехам, калі б Кім перадаў Пуціну частку сваіх запасаў узбраенняў, якія запыліліся, а ў адказ Кітай запоўніў бы брэшы, якія ўтварыліся. Дзякуючы Сі і яго генералам Кім змог бы такім чынам мадэрнізаваць сваё войска, а Расея – атрымаць ваенную тэхніку. У выніку Кітай выканаў бы свае абавязацельствы перад Пуціным, пры гэтым маючы магчымасць афіцыйна да пэўнай ступені адмаўляць свой удзел у пагадненні”, – піша брытанскае выданне.
Спікер палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад рэспубліканцаў Кевін Макарці даручыў пачаць расследаванне з мэтай магчымага імпічменту прэзідэнта Байдэна. Макарці нібыта бачыць у некаторых фактах „пэўныя” прыкметы карупцыі. Ці будзе, як у выпадку з папярэднікам Байдэна – Трампам, запушчана працэдура імпічменту, пакуль незразумела. Гэты крок выклікае спрэчкі і сярод рэспубліканцаў. На думку турынскай газеты La Stampa, тое, што адбываецца, перш за ўсё дэманструе слабасць Макарці ва ўласным палітычным лагеры.
„Рашэнне Макарці не ініцыяваць пачатак расследавання праз галасаванне ў палаце прадстаўнікоў вельмі характэрна. Менавіта трампаўскае крыло партыі праціскала ідэю імпічменту, у той час як многія рэспубліканцы выступаюць супраць. Такім чынам узнікала небяспека таго, што прапанова была б адрынута, паколькі ў рэспубліканцаў ёсць невялікая перавага ў пяць галасоў. Але Макарці абавязаны сваім абраннем на пасаду спікера жменьцы трампістаў, якія па-сутнасці займаюцца шантажом, заганяючы яго ва ўсё больш небяспечныя сітуацыі”, – з іроніяй наракае італьянскае выданне.
Спякота, засуха, пажары, паводкі – Еўропа пакутуе ад частых анамальных з’яў надвор’я і іх наступстваў. У выніку паводкі ў Лівіі з панядзелка налічваецца ўжо 5000 загінуўшых. Для мюнхенскай газеты Süddeutsche Zeitung экстрэмальнае надвор’е – гэта папярэджанне пра тое, што нельга забываць пра палітыку па абароне клімату.
„Такія тэмы, як напад Расеі на Украіну, могуць на доўгі час перацягнуць увагу на сябе. Але кліматычны крызіс з усімі яго наступствамі зараз ужо нікуды не падзенецца з палітычным парадку дня. У большасці выпадкаў ён сам без папярэджанняў раз-пораз нагадае пра сябе: і ўжо тады мала нікому не здасца. Калі наступным разам ён абрынецца на Германію, усім зноў стане зразумела, чаму мэты па абароне клімату павінны стаць найбольш прыярытэтнымі. Толькі шкада, што да гэтага моманту сітуацыя застанецца практычна нязменнай”, – адзначае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка