Агляд прэсы: а пагаварыць?



Захаду патрэбны больш шырокі набор інструментаў для Беларусі. Вайна ва Украіне: няўжо Расея захацела перамоваў? Сустрэча Макрона і Мелані. Зніклая падводная лодка: самі вінаватыя? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

За апошнія тры гады палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі грунтавалася на некалькіх слупах: санкцыях, ізаляцыі і непрызнанні рэжыму Лукашэнкі і салідарнасці з шырокімі антырэжымнымі пластамі грамадства. «Такая палітыка здаецца маральна паслядоўнай, але яна не працуе. Крэмль паступова інкарпаруе Беларусь і ператварае яе ў зброю супраць Украіны і іншых. Лукашэнка працягвае здзяйсняць жудасныя злачынствы супраць правоў чалавека, дэмакратычны рух у краіне падаўляецца, а колькасць палітвязняў у Беларусі на душу насельніцтва адна з самых высокіх у свеце», – піша афіцыйнае міжнародные выданне Center for European Policy Analysis.

«Лукашэнка заслужыў санкцыі, і Захад сапраўды зрабіў Беларусь адной з самых санкцыйных краін на планеце. Але ніякіх паказчыкаў таго, што гэта спрыяе пазытыўным зьменам у палітыцы Лукашэнкі, няма. Больш за тое, беларуская эканоміка расце , што выклікае сумневы ў тым, што Захад сапраўды валодае эфектыўнымі рычагамі ціску на рэжым. Лукашэнка можа з гэтым жыць, усведамляючы, што Захад прынцыпова не ў стане пабудаваць сістэму ізаляцыі вакол яго рэжыму. Праявы салідарнасці з беларускім грамадствам выглядаюць найбольш удалымі, хоць і не пазбаўленымі недахопаў. Захад сапраўды дапамагае дэмакратычнаму руху, НДА і незалежным СМІ. Тым не менш, беларуская апазіцыя ўсё яшчэ павінна выдаткаваць шмат часу на барацьбу з дыскрымінацыяй беларусаў на Захадзе, а атрыманне віз у заходнія краіны застаецца складанай задачай для простых людзей. На практыцы гэта перашкаджае прывабнасці Захаду ў Беларусі. Рашэнне палягае ва ўзмацненні ўплыву Захаду на Беларусь і ў дасягненні гэтых канчатковых мэтаў больш кароткімі этапамі. Хуткіх рашэнняў няма, але спалучэнне ціску і стымулаў можа мець эфект. Наперадзе крытычныя гады. Вельмі важна стварыць амбіцыйны і ўсёабдымны набор інструментаў, які можа дапамагчы Беларусі знайсці сваё месца ў заходняй сферы», – адзначае міжнароднае выданне.

Паводле паведамленняў украінскіх уладаў, ВСУ прасоўваюцца на поўдні, вяртаючы пад свой кантроль усё новыя і новыя тэрыторыі. Расея тым часам працягвае наносіць удары па краіне. Перспектыва перамоваў уяўляецца вельмі аддаленай. Вылучаныя прапановы па ўрэгуляванні, да прыкладу, з боку Кітая, не сустрэлі асаблівага водгуку, паколькі прадугледжваюць тэрытарыяльныя саступкі з боку Украіны, на што тая, вядома ж, не згодна. Цяпер сігналы пра зацікаўленасць у перамовах пачалі паступаць з Масквы. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости выступае за тое, каб пачаць перамовы.

«Нашы ворагі бачаць, што мірнае пагадненне выгаднае для Расеі, таму абвяргаюць усе планы адзін за адным: што кітайскі, што інданезійскі, што афрыканскі. А нашы самапрызначаныя патрыёты ўпэўненыя, што мірная дамова – гэта абавязкова хітры «дамаўняк». І таксама загадзя, з парога, крытыкуюць усе прапановы. Нашы ворагі спрабуюць зацягваць украінскі канфлікт як мага даўжэй, каб абяскроўіць і змучыць Расею, бо Вялікая Айчынная таксама спустошыла нас і забяспечыла дэмаграфічную катастрофу на пакаленні наперад. Нашы патрыёты патрабуюць прыкладна таго ж – ваяваць без канца, дайсці да Львова, выйсці на мяжу з Польшчай. Але давайце будзем ужо рэалістамі», – заклікае расейскае вядучае інфармацыйнае выданне.

У аўторак французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон прыняў у Елісейскім палацы кіраўніка італьянскага ўрада Джорджыю Мелані. На сустрэчы размова ішла аб міграцыйнай палітыцы, Украіне і двухбаковых адносінах. Абодва бакі былі падкрэслена добразычлівыя адзін з адным. Аглядальнікі праліваюць святло на тое, што падзяляе і аб’ядноўвае Італію ды Францыю. «Агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць», – піша італьянскае выданне La Stampa.

«Без Францыі Італія ніколі не зможа пераадолець супраціў немцаў і так званых «эканомных» краін па пытанні перагляду крытэраў пакта стабільнасці. І нават Францыя – на фоне прабуксоўкі франка-германскага тандэму – выдатна разумее, што Італія можа стаць выдатным спарынг-партнёрам, прынамсі на гэтым адрэзку шляха. Абодва лідэры перакананыя ў тым, што нельга дапусціць «вяртання да неадпаведных парамэтраў», і што рэальная задача еўрапейскага кіравання павінна круціцца вакол інвэстыцыяў, а не кантролю над дзяржаўным доўгам», – адзначае італьянскае выданне.

Усё больш выратавальных суднаў адпраўляецца на пошукі падводнай лодкі «Тытан», якая накіравалася ў Паўночнай Атлантыцы да патануўшага «Тытаніка», і знікла з радараў у нядзелю. Кіслароду на борце павінна было хапіць прыкладна да чацвярга. Магчыма, у аўторак сістэма гукавой гідралакацыі амерыканскай берагавой аховы злавіла сігналы з «Тытана». Трое з пяці чалавек, якія знаходзяцца на борце – заможныя турысты. Аб праблемах з бяспекай на «Тытане» было вядома ўжо даўно. «На фоне намаганняў па пошуку і выратаванні пасажыраў мімаволі напрошваецца параўнанне з нядаўняй трагедыяй у Міжземным моры», – адзначае брытанская газета The Guardian.

«Берагавая ахова ЗША, ВМС Канады і гандлёвыя судны – усе яны шукаюць падводную лодку «Тытан». Нават міністэрства абароны Вялікабрытаніі сочыць за сітуацыяй. Цяжка ўявіць сабе больш рэзкі кантраст, чым гэты – з рэакцыяй на крушэнне рыбалавецкага судна, якое затанула на мінулым тыдні ў Міжземным моры і ў якое, як селядцы ў бочцы, было набіта каля 750 чалавек, у тым ліку дзяцей. Толькі каля ста чалавек выжылі. Па словах актывістаў, яшчэ за некалькі гадзін да трагедыі ў адрас адпаведных ведамстваў пачалі паступаць сігналы аб бедстве, якое пагражае судну, аднак тыя нічога не распачалі», – канстатуе брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя