Агляд прэсы: адкінуць назад
Экіпажы ВПС Беларусі завяршылі вучэнні па тактычнай ядзернай зброі. Каты ў тумане: успомніць Катынь. Надзвычайнае становішча ў Італіі. Бюджэтны крызіс у Румыніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Экіпажы ваенна-паветраных сіл Беларусі завяршылі падрыхтоўку па ўжыванні тактычнай ядзернай зброі ў рамках плана размяшчэння расейскай зброі саюзніка Беларусі ва ўмовах баявых дзеянняў у суседняй Украіне. Міністэрства апублікавала відэа, на якім беларускі лётчык распавядае, што на курсах падрыхтоўкі ў Расеі экіпажы штурмавікоў Су-25 ВПС Беларусі набылі неабходныя навыкі выкарыстання зброі», – піша амерыканскае выданне Foxnews.
«Пуцін у мінулым месяцы заявіў, што Масква плянуе разьмясьціць частку сваёй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Гэта была чарговая спроба кіраўніка Крамля падвесіць ядзерную пагрозу, каб адбіць ахвоту Захаду падтрымліваць Украіну. Размяшчэнне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі наблізіла б яе да патэнцыйных цэляў ва Украіне і членах NATO ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Беларусь мае 778-мільную мяжу з членамі НАТА Латвіяй, Літвой і Польшчай. Такая зброя прызначана для знішчэння войскаў суперніка на поле бою. Яны маюць адносна невялікі радыус дзеяння і значна меншую магутнасць у параўнанні з ядзернымі боегалоўкамі, усталяванымі на стратэгічных ракетах далёкага радыусу дзеяння, якія здольныя знішчаць цэлыя гарады. Лукашэнка выказаў здагадку, што частка расейскай стратэгічнай ядзернай зброі таксама можа быць размешчана ў Беларусі разам з часткай тактычнага ядзернага арсенала Масквы. Вядома, што Беларусь, Казахстан і Ўкраіна мелі на сваёй тэрыторыі савецкую ядзерную зброю, але перадалі яе Расеі пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе», – перадае ўкраінскае выданне.
«Афіцыйныя расейскія медыя, ад „Ніжагародскай праўды” да РІА „Навіны”, выступілі з новай праўдай аб Катынскім расстрэле. Палякаў расстралялі немцы», – паведамляе расейскае выданне Graniru.
«У строгім сэнсе слова ніякага пакаяння за Катынскі растрэл у пуцінскай Расеі не было. Ні як асобнага палітычнага акта, ні як факта самасвядомасці расейскага грамадства. На афіцыйным узроўні было паўпрызнанне. Яно суправаджалася маральнай рэлятывізацыяй: маўляў, Катынскі растрэл быў адказным злачынствам – помстай за згубу чырвонаармейцаў у 1919-1921 гадах у польскім палоне, у асноўным з-за эпідэмій хвароб. Адпаведныя інфармацыйныя стэнды з’явіліся ў Катыні ў 2017 годзе. У Польшчы гэта было расцэнена як «плявок у твар». На ўсім працягу пуцінскага кіравання ў тым ці іншым выглядзе існаваў заахвочваны зверху ўстойлівы рэвізіянісцкі дыскурс адносна Катынскага растрэлу. Вышэйшым пікам прызнання быў паказ фільма «Катынь» Анджэя Вайды некаторымі расейскімі тэлеканаламі ў 2010 годзе, а затым сумеснае ўскладанне вянкоў да мемарыяла прэм’ер-міністрамі Расеі і Польшчы. Праз тры дні адбудзецца авіякатастрофа пад Смаленскам, якая забрала жыцці значнай часткі польскай эліты, у тым ліку прэзідэнта Леха Качыньскага – „прыхільніка Джахара Дудаева», галоўнага адваката еўрапейскага вектара развіцця Украіны, прыхільніка канцэпцыі Міжмор’я, якая адраджала гістарычную спрэчку за першынство ва Усходняй Еўропе. Праціўніка будаўніцтва «Паўночнага патоку» і кабальных дагавораў з „Газпрамам”. Пры ім з Польшчы вяшчалі сайты прыхільнікаў Ічкерыі, пачаў працаваць тэлеканал «Белсат», накіраваны на дэмакратызацыю Беларусі. Зараз відавочна, што Катынь – гэта пра гатоўнасць заплюшчваць вочы на злачынствы расейскага рэжыму», – падкрэслівае расейскае выданне.
У Італіі аб’яўлена надзвычайнае становішча, якое прадоўжыцца шэсць месяцаў. Прычынай стаў рост колькасці мігрантаў, якія прыбываюць морам. У час дзеяння надзвычайнага становішча ўрад Джорджыі Мелані мае права прымаць меры ў абыход парламента – напрыклад, прапанова аб павелічэнні колькасці і магутнасцей цэнтраў прыёмаў мігрантаў, а таксама цэнтраў па высылцы бежанцаў за межы краіны. Рым патрабуе большай падтрымкі з боку ЭЗ. Еўрапейская прэса аналізуе сітуацыю на нацыянальным і еўрапейскім узроўні. «Меры, прынятыя Джорджыяй Мелоні, патрабуюць скаардынаванай рэакцыі», – падкрэслівае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Дэкрэт Мелоні – гэта сігнал Еўропе пра тое, што Італіі патрабуецца дапамога. Еўракамісія вывучыць і праверыць італьянскі план надзвычайнай сітуацыі. І гэта нядрэнна, таму што зараз Бруселю нікуды не падзецца ад таго, каб шчыльней заняцца сітуацыяй – бо да гэтага часу ён паспяхова абыходзіў дадзеную тэму. Цяпер спатрэбяцца значныя сумесныя намаганні для таго, каб пазбегнуць намечанай эскалацыі: у Бруселі, у Італіі, у Тунісе, дзе сотні тысяч людзей чакаюць перасячэння мяжы па моры, а таксама ў многіх іншых краінах, адкуль прыбываюць бежанцы. Час не чакае», – адзначае нямецкае выданне.
Міністр фінансаў Румыніі Адрыян Кычу заявіў аб тым, што ўраду давядзецца зэканоміць каля 20 мільярдаў лей (каля чатырох мільярдаў еўра) з-за зніжэння падатковых паступленняў у казну. Ва ўрадзе запэўніваюць, што дзяржапарат не падвергнецца звальненням, а скарачэнняў зарплат таксама не прадбачыцца. Заткнуць дзірку ў бюджэце плануецца за кошт уразання «неістотных выдаткаў». Фінансавы румынскі веснік Ziarul Financiar нагадвае аб падобнай сітуацыі, якая мела месца ў 2010 годзе, калі меры, прынятыя ўрадам, зрынулі краіну ў глыбокі крызіс.
«У той час эканоміка, і найперш, прыватны сектар, моцна пацярпела, і сотні тысяч румынаў былі вымушаныя з’ехаць у пошуках працы за мяжу. Цяпер палітычныя лідэры размаўляюць пра тое, што не будуць скарачаць зарплаты дзяржслужачым або павышаць падаткі, і што трэба, маўляў, адшукаць іншыя магчымасці для таго, каб пакрыць дэфіцыт. На жаль, ніхто не верыць у тое, што даходы бюджэту можна павялічыць за кошт пашырэння базы тых, хто плаціць падаткі, або за кошт збору падаткаў з тых, хто ад іх выплаты ўхіляецца», – піша румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя