Агляд прэсы: адліга не за гарамі



Не правы чалавека, але грошы. Што застанецца пасля Трампа? ЗША гатова паказаць Расеі дэмакратыю. Ісламскі свет Францыі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-Пасля суровай крытыкі і шматмесяцовых пратэстаў Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе пазбавіла Беларусь права на правядзенне сёлетняга сусветнага першынства. Большасць СМІ ў цэлым вітаюць гэты факт, але пры гэтым відавочна незадаволеныя тым, якім чынам было прынята гэтае рашэнне.

Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе раз-пораз садзіцца ў лужыну, – лічыці фінская газета Iltalehti.

Журналіст Перту Каўпінен звяртае ўвагу, што Латвія ўжо ўвосень заявіла, што ні ў якім разе не збіраецца арганізоўваць чэмпіянат разам з Беларуссю. А вось федэрацыі хакея на лёдзе на прыняцце рашэння спатрэбілася абуральна шмат часу. Вырашальным штуршком стала заява галоўнага спонсара, аўтавытворцы Škoda, пра тое, што калі арганізатар не будзе зменены, то спансіраваць чэмпіянат свету ён не стане.

“Проста ў галаве не ўкладаецца, што Міжнародную федэрацыю хакея заахвоціў да рашучых дзеянняў толькі страх фінансавых страт. Яшчэ больш ганебным з’яўляецца той факт, што федэрацыя да гэтага часу не набралася смеласці адкрыта заявіць, што гаворка ідзе аб правах чалавека, і замест гэтага тлумачыць сваё рашэнне меркаваннямі бяспекі», – падкрэслівае фінскае выданне.

***

20 студзеня ў 12 гадзін па мясцовым часе завяршыўся тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональда Трампа. Праз два тыдні пасля штурму Капітолія ён пакінуў Белы дом, маючы самы нізкі рэйтынг папулярнасці за ўсю сваю палітычную кар’еру. На інаўгурацыі свайго пераемніка Трамп не прысутнічаў.

На думку Berliner Zeitung, за лёс амерыканскай дэмакратыі перажываць не варта:

«Сама акалічнасць, што Трамп пазбавіўся сваёй пасады пасля заканчэння аднаго-адзінага прэзідэнцкага тэрміну, выклікае надзею: за апошнія сто гадоў падобная доля спасцігла толькі трох прэзідэнтаў: Уорана Хардынга, Джымі Картэра і Джорджа Буша-старэйшага. Трампа варта прыцягнуць да адказнасці як падбухторшчыка нападу на Капітолій. Аднак пераацэньваць яго ня варта. Дональд Трамп разглядаецца большасцю амерыканцаў як гістарычнае непаразуменне; з гэтым чалавекам скончана ва ўсіх адносінах: з палітычнай, маральнай ды і з ўсіх іншых кропак гледжання».

Пасля інаўгурацыі Джо Байдэна палітыка ЗША ў дачыненні да Расеі адразу ж зменіцца, упэўнены амерыканскі часопіс Foreign Affairs. Журналіст Майкл Макфол піша, што Расея за гэтыя гады паспела ператварыцца ў адну з самых магутных краін свету, якая па-сапраўднаму небяспечная для ЗША.

«Байдэн без ваганняў будзе крытыкаваць агрэсіўныя дзеянні Пуціна, асабліва накіраваныя супраць ЗША. Акрамя таго, адміністрацыя Байдэна верне ліберальныя нормы і дэмакратычныя каштоўнасці ў палітыку ЗША ў дачыненні да Расеі. То бок узмацніцца крытыка ў адрас расейскай аўтакратыі, а падтрымка правоў чалавека павялічыцца. Да таго ж скончыцца і эпоха папрокаў ды крытыкі на адрас НАТА», – запэўнівае амерыканскае выданне.

На старонках газеты пацвярджаецца намер адміністрацыі Байдэна  аказваць падтрымку краінам, размешчаным на мяжы з Расеяй. Адпаведна пацверджана і будучая сустрэча Байдана са Святланай Ціханоўскай, каб выразна даць зразумець, што ЗША не будуць наладжваць адносіны з Лукашэнкам.

 Дзевяць асацыяцый Францыі – сябры Ісламскага савету ў краіне, прынялі Хартыю прынцыпаў ісламу ў Францыі. СМІ з задавальненнем адзначаюць, што нягледзячы на сваю рэзкую пазіцыю, Хартыя пазбягае дыскрымінацыі.

Швецкая газета Dagens Nyheter лічыць, што і Швецыі варта ўзяць прыклад Францыі.

«Пасля выпадку з забойствам Самюэля Паці, Эмманюэль Макрон здолеў знайсці разумны баланс паміж дыстанцыяваннем ад экстрэмісцкага ісламу і ўлічваннем інтарэсаў пераважнай большасці мусульман. Гэтыя людзі  на працягу многіх пакаленняў з’яўляецца значнай часткай французскага грамадства і сапраўды пакутуюць ад гвалту і падаўлення з боку экстрэмістаў. Удалы палітычны шпагат сведчыць як пра гатоўнасць паважліва слухаць меркаванне іншых, так і пра гатоўнасць пярэчыць».

Беларускае Радыё Рацыя