Агляд прэсы: адным стрэлам
ВПС Украіны збілі восем расейскіх крылатых ракет, выпушчаных з Беларусі. Еўракамісія прапануе ўвесці эмбарга на расейскі вугаль. Расейскія зверствы ў Бучы – якія будуць наступствы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Разам з іншымі сусветнымі выданнямі амерыканская газета Washington Examiner друкуе матэрыял пра заяву украінскіх ВПС, якія сцвярджаюць, што ў аўторак збілі восем расейскіх крылатых ракет, якія былі выпушчаныя ва Украіну з Беларусі.
«Чарговыя восем крылатых ракет былі збітыя зенітнымі ракетамі ВПС Украіны, бо расейскія сілы працягваюць выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі для нанясення ўдараў крылатымі ракетамі. У апошнія дні многія расейскія баявыя часткі ва Ўкраіне адступілі ў бок Беларусі. Праціўнік змяніў тактыку вядзення баявых дзеянняў у паветры: спрабуе не ўваходзіць у зону паражэння украінскай супрацьпаветранай абароны, не ўступае ў прамы кантакт са знішчальнікамі. Затое наносіць ракетныя ўдары з паветра, у прыватнасці з паветранай прасторы Беларусі і такім чынам, працягвае падтрымліваць дзеянні сухапутных войскаў. Пры гэтым да 60% расейскіх ракет з дакладным навядзеннем, выпушчаны недакладна пры штурме ўкраінскіх гарадоў», – паведамляе амерыканскае выданне.
У мінулы аўторак Еўракамісія прапанавала ўзмацніць жорсткасць санкцый супраць Расеі: павінен падвергнуцца эмбарга прыбытковы расейскі бізнес, звязаны з выкапнёвым палівам, пакуль што гаворка ідзе пра вугаль.
«Захаду нельга дапусціць, каб Расея пабудавала новую вось пры ўдзеле такіх краін, як Кітай ды Індыя», – папярэджвае італьянская газета Corriere della Sera.
«Ужо заўважныя першыя прыкметы ўзнікнення гэтай восі: Нью-Дэлі закупляе расейскую нафту па сабекошце. Вядома, можна прыгразіць «другаснымі санкцыямі» супраць тых, хто дапамагае Маскве абыходзіць ізаляцыю. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа мець вельмі непрыемныя наступствы, паколькі ізалюе Захад ад рынкаў краін, якія развіваюцца. У той час, як Еўропа і ЗША працягваюць узмацняць эканамічныя ціскі ў дачыненні да Расеі, ім неабходна ўстанаўліваць добразычлівыя адносіны з рынкамі краін, якія развіваюцца. І ім трэба прыводзіць нейкія канструктыўныя довады для таго, каб пераканаць гэтыя рынкі ізаляваць Пуціна», – заклікае італьянскае выданне.
Пасля вываду расейскіх войскаў з некалькіх населеных пунктаў пад Кіевам амаль штогадзіны з’яўляюцца новыя сведчанні зверстваў, учыненых акупантамі на раней занятых тэрыторыях: відавочцы паведамляюць аб пакараннях, згвалтаваннях і рабаваннях. «Злачынствы ў Бучы могуць азнаменаваць сабой паваротны момант у гэтай вайне супраць Украіны», – піша нідэрландская газета De Volkskrant.
«Справа ва ўсведамленні таго, што пры Пуціне «павяртання да нармальнага жыцця» не будзе, і што хуткага выхаду з вайны не існуе. Мы яшчэ не ўдзельнічаем у вайне непасрэдна, але з усёй відавочнасцю ўжо ўцягнуты ў самы далёкі і непрадказальны канфлікт за доўгі час. І з кожным новым злачынствам расце разуменне наступнага факту: калі НАТО дапусціць знішчэнне еўрапейскай краіны, то больш не будзе і «еўрапейскага парадку», які трэба абараняць. Так што на карту пастаўлена вельмі і вельмі шмат», – лічыць нідэрландскае выданне.
Нараўне з іншымі краінамі Злучаныя Штаты працягваюць узмацненне жорсткасці санкцый супраць Расеі. Выглядае, што з эканамічнага пункту гледжання яны з’яўляюцца бенефіцыярам сітуацыі, але ці выйграюць ЗША і ў геастратэгічнай сферы? Еўрапейская прэса аналізуе ўскосны ўплыў вайны ва Ўкраіне на становішча Вашынгтона на міжнароднай арэне.
«ЗША выйграюць ад наступстваў вайны ва Украіне як у эканамічным плане, так і ў плане палітыкі бяспекі», – аналізуе брытанская газета Financial Times.
«З 2026 года – калі ўсё пойдзе, як запланавана – будуць наладжаны танкерныя пастаўкі звадкаванага прыроднага газу да паўночнага ўзбярэжжа Нямеччыны. І гэта – толькі малая частка экспарту. Калі Нямеччына стрымае сваё нядаўняе абяцанне інвеставаць ва ўзбраенне, ЗША атрымаецца перакласці большую частку фінансавага і лагістычнага цяжару НАТО на іншыя краіны. Мяркуйце самі: Еўропа, якая мае мацнейшыя сувязі з Амерыкай і ў той жа самы час высмоктвае з яе менш рэсурсаў! Ніякаму Кісінджэру нават не сніліся вынікі, якіх дамогся Крэмль сваімі дзеяннямі – зусім ненаўмысна», – папярэджвае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка