Агляд прэсы: Адзінае выйсце – салідарнасць
NATO не бачыць зменаў у ядзернай пазіцыі Расеі, насуперак Лукашэнку. У Нямеччыне з’явілася Нацыянальная стратэгія бяспекі. Хто ўзначаліць урад у Чарнагорыі? У Міжземным моры па-ранейшаму гінуць людзі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«НАТА не бачыць ніякіх прыкмет таго, што Расея змяніла сваю ядзерную пазіцыю. Хаця Лукашэнка дзёрзка папярэдзіў, што без ваганняў аддасць загад аб выкарыстанні зброі, калі Беларусь сутыкнецца з актам агрэсіі. Пуцін заявіў, што зброя будзе размешчана ў Беларусі ў наступным месяцы і застанецца пад выключным кантролем Масквы», – перадае амерыканская газета Los Angeles Times.
«Мы, вядома, уважліва сочым за тым, што робіць Расея. Сакрэтная група планавання ядзернай абароны НАТА павінна сустрэцца ў пятніцу. Сустрэча планавалася даўно і не з’яўляецца рэакцыяй на апошнія падзеі, але альянс занепакоены пагрозамі Пуціна і яго рашэннямі вывесці Расею з важных дагавораў аб абмежаванні ўзбраенняў. Расея павінна ведаць, што ядзерную вайну нельга выйграць і яе нельга весці. Раней у гэтым годзе Пуцін абвясціў аб планаваным размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі малога радыусу дзеяння, што было расцэнена як папярэджанне Захаду ў сувязі з узмацненнем ваеннай падтрымкі Украіны. Расея працяглы час таксама выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм для нападаў ва Украіне. На сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін заявіў, што работы па будаўніцтве аб’ектаў для ўтрымання зброі будуць завершаны да 7-8 ліпеня, пасля чаго яны хутка будуць перавезены на тэрыторыю Беларусі. Прэзідэнт Байдэн і яго калегі па НАТА збіраюцца на саміт 11-12 ліпеня ў літоўскай сталіцы Вільні, прыкладна ў 22 мілях ад беларускай мяжы», – канстатуе амерыканскае выданне.
***
У сераду федэральны ўрад Германіі прадставіў першую ў сваім родзе Нацыянальную стратэгію бяспекі. Дакумент, перамовы па якім вяліся 15 месяцаў, закліканы ўсталяваць сувязь паміж усімі ўнутранымі і знешнімі пагрозамі для бяспекі Германіі, і тым самым аблегчыць краіне барацьбу з крызісамі. Прэса па-рознаму ацэньвае гэты дакумент. «У дакуменце не хапае дакладнай пазіцыі па Кітаю», – піша італьянская газета Formiche.
«Новую Нацыянальную стратэгію бяспекі ўрада Нямеччыны варта чытаць паміж радкамі. Самае цікавае – гэта якраз тое, чаго там няма. На больш за 70 старонках дакумента ні разу не згадваецца Тайвань – самая, па ўсёй верагоднасці, сур’ёзная праблема ў сферы палітыкі бяспекі на бліжэйшыя гады. Ні слова не гаворыцца і аб умацаванні кітайска-расейскіх сувязяў, якое мела месца ўсяго за некалькі дзён да пачатку ўварвання Расеі ва Украіну. У дачыненні да Кітая паўтараюцца толькі фармулёўкі, прынятыя ў Еўразвязе: партнёр па перамовах, эканамічны канкурэнт і сістэмны супернік», – піша італьянскае выданне.
***
У Чарнагорыі адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары. Канчатковыя вынікі яшчэ не вядомыя, аднак ужо ёсць падставы казаць, што перамогу на іх атрымаў новы рух «Еўропа зараз», і што зараз у краіне будзе сфарміраваны новы ўрад. Рух «Еўропа зараз», заснаваны экс-міністрам фінансаў Мілайка Спаічам, які паводле папярэдніх звестак, набраў 26 працэнтаў галасоў. Аглядальнікі разыходзяцца ў тым, наколькі ўкаранёным можна лічыць празаходні курс краіны. «Ад вынікаў гэтых выбараў будзе залежаць будучыня краіны», – адзначае заграбская газета Večernji list.
«Па-за ўсякім сумневам, гэтыя пазачарговыя парламенцкія выбары ў Чарнагорыі – найважнейшыя за апошнія гады. Перад краінай стаіць выбар: еўраінтэграцыя або вяртанне ва ўлонне Заходніх Балкан ці Сербіі, прычым пад моцным расейскім уплывам. Хаця падчас выбарчай кампаніі ўсе гучнагалоса выступаюць за ЕЗ і еўраінтэграцыю, цяжка паверыць у тое, што гэта можа адбыцца раптоўна, бо акрамя расколу ў грамадстве Чарнагорыя таксама залежыць і ад знешніх фактараў. Чарнагорскія аналітыкі мяркуюць, што неабходна як мага хутчэй сфарміраваць урад, паколькі Расея ад сваіх планаў у дачыненні да Чарнагорыі яшчэ не адмовілася, і краіна ў любы момант можа быць дэстабілізаваная ў выніку намаганняў Аляксандра Вучыча», – падкрэслівае харвацкае выданне.
***
Каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Грэцыі затанула лодка з мігрантамі, у выніку чаго, паводле наяўных на гэты момант звестак, загінула сама меней 78 чалавек. Сапраўдная колькасць ахвяр можа быць значна вышэйшая: паводле паведамленняў грэчаскіх улад, на лодцы знаходзілася звыш 400 мігрантаў, мэтай якіх было ўзбярэжжа Італіі. Пакуль што ўдалося выратаваць 104 чалавекі. Аглядальнікі заклікаюць да адказнасці кіраўніцтва еўрапейскіх дзяржаў. «Прадухіліць такія трагедыі можна толькі сумеснымі намаганнямі і на аснове міжнароднага права», – адзначае грэчаскі партал Avgi.
«Нават такая вялікая колькасць загінуўшых не з’яўляецца для цяперашняй Еўропы падставай убачыць у тым, што адбылося, надзвычайную сітуацыю або задумацца аб змене палітыкі ў дачыненні да прыёму бежанцаў і мігрантаў. А раней, калі ва ўладзе ў Еўропе стаялі сапраўды дэмакратычныя ўрады, падобнага не адбывалася. І ці чакаць змен менавіта цяпер, калі чара шаляў хіліцца ўніз пад цяжарам Мелоні, Орбана, Ле Пэн, ультраправых у Нямеччыне і Гішпаніі? Ніякія рашэнні немагчымыя, калі яны не з’яўляюцца агульнаеўрапейскімі і не выбудоўваюцца на прынцыпах салідарнасці, справядлівага размеркавання бежанцаў паміж краінамі супольнасці, а таксама захавання міжнароднага права і правоў суіскальнікаў прытулку», – піша грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.