Агляд прэсы: адзіным фронтам
Расейскія і беларускія апазіцыянеры ў Мюнхене аб’ядналіся, каб падтрымаць Украіну. Масква заявіла, што ўзяла пад кантроль Марыупаль. Краіны Балтыі прызналі дзеянні Расеі генацыдам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«З моманту ўварвання Расеі ва Украіну расейскія ўлады ўвесь час сцвярджаюць, што большасць грамадзян Расеі падтрымлівае «спецыяльную ваенную аперацыю», як настойвае яе называць Масква, ва Украіне. Яны спрабуюць пераканаць сусветную грамадскасць і расейскіх грамадзян у сваім меркаванні, ладзяць канцэрты і мерапрыемствы ў падтрымку Пуціна і яго палітыкі, як у Расеі, так і за мяжой. Аднак з першага дня вайны 24 лютага шмат расейцаў ва ўсім свеце дэманстравалі антываенныя пратэсныя настроі нязгоды з рашэннямі і дзеяннямі Масквы, а таксама выказваюць сваю салідарнасць з украінскім народам. Мюнхен, горад на поўдні Германіі, не стаў выключэннем, бо тут пражывае значная суполка як рускіх, так і ўкраінцаў, як і беларусаў», – піша еўрапейскае выданне Globalvoices.
„У асноўным гэта людзі, якія пераехалі ў Нямеччыну з Расеі ў 1990-х гадах па праграме рэпатрыяцыі этнічных немцаў і з тых часоў не ездзілі ў Расею. Першае адрозненне паміж расейцамі, якія жывуць за мяжой, і тымі, хто жыве ў Расеі, у тым, што яны маюць больш свабодны доступ да розных крыніц інфармацыі і не так абмежаваны наратывам Крамля.
У Баварыі, дзе знаходзіцца Мюнхен, таксама існуе даволі вялікая беларуская суполка, большая частка якой знаходзіцца ў апазыцыі да лукашэнкаўскай улады. Каб публічна асудзіць дзеянні абодвух урадаў, а таксама прадэманстраваць сяброўства і адзінства народаў, якія некалі належалі да адной дзяржавы, значная частка расейцаў і беларусаў, якія пражываюць ў Мюнхене, на пачатку сакавіка вырашыла арганізаваць сумесныя антываенныя пратэсты пад лозунгам: «Расея і Беларусь супраць вайны». Сумесныя антываенныя пратэсты праходзяць амаль кожны тыдзень. Адным з самых балючых момантаў для антываенных расейцаў і беларусаў, якія жывуць за мяжой, з’яўляюцца менавіта зносіны з роднымі і блізкімі, якія жывуць у краінах-агрэсарах», – адзначае еўрапейскае выданне.
У чацвер раніцай Масква аб’явіла аб захопе Марыўпаля. Кіеў выступіў з абвяржэннем. На тэрыторыі завода Азоўсталь па-ранейшаму трымаюць абарону ўкраінскія вайскоўцы. Толькі невялікая колькасць мірных жыхароў змагла пакінуць партовы горад, які ўжо на працягу некалькіх тыдняў узяты ў аблогу расейскімі вайскоўцамі. На здымках, зробленых з паветра, відаць новыя масавыя пахаванні. Марыупаль як сімвал гэтай вайны: на гэтую тэму разважае еўрапейская прэса.
Нямецкая газета Badische Zeitung з жахам прадбачыць, як Пуцін да 9 траўня прадставіць захоп Марыупаля ў прапагандысцкім ключы.
«Нарэшце яму будзе што прад’явіць расейскім маці, якія задаюцца пытаннем, за што загінулі іх сыны. А тут раптам украінскае войска наважылася яму перашкодзіць! Але вось пасля васьмі тыдняў смяротных вулічных баёў і граду бомб, што падалі на дымныя разваліны і мёртвыя палі Марыўпаля, узняты расейскі трыкалор. Падрыхтоўка да Парада Перамогі 9 мая у самым разгары, і парад гэты абяцае стаць жудасным відовішчам. Але калі Марыупаль нешта і ўвасабляе сабой у бессэнсоўнай пуцінскай вайне, дык гэта пакуты, гора, смерць і разбурэнні», – адзначае нямецкае выданне.
Парламенты трох прыбалтыйскіх краін – Эстоніі, Латвіі і Літвы – прызналі дзеянні Расеі ва Украіне генацыдам. Тыднем раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама абвінаваціў Расею ў здзяйсненні генацыду. Аглядальнікі заклікаюць да рашучых дзеянняў.
На думку эстонскай газета Postimees, адных дэкларацый тут замала.
«Сапраўды гістарычны характар гэтае рашэнне насіла б толькі ў тым выпадку, калі б адбыўся судовы працэс і ў дачыненні да яго сфармаваўся б міжнародны кансэнсус, які мог бы кваліфікаваць расейскую агрэсію як генацыд. Аднак для гэтага міжнароднай грамадскасці неабходны не толькі дэкларацыі, але і аргументы. Расея здзейсніла ва Украіне дзеянні, якія паводле Артыкула II Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго з’яўляюцца прыкметамі генацыду. Згодна з гэтай Канвенцыяй, любая дзяржава можа звярнуцца ў ААН ці Міжнародны суд, калі мяркуе, што недзе мае месца генацыд. Менавіта гэты крок мы зараз і павінны зрабіць – усё разам», – падкрэслівае эстонскае выданне.
Увага ўсёй Еўропы прыкавана да Францыі, дзе ў нядзелю адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Дзеючы прэзідэнт і ліберал Эманюэль Макрон хоць і апярэджвае ў апытаннях сваю саперніцу ад ультраправых Марын Ле Пен, аднак з упэўненасцю гаварыць аб тым, што перамога застанецца за ім, не даводзіцца. Мяркуючы па ўсім, вынік выбараў будзе залежаць ад таго, на чый бок устануць нявызначаныя выбаршчыкі і левы электарат. Як піша прэса, ад вынікаў выбараў будзе залежаць у цэлым вектар, які абіраецца Еўразвязам.
«Незалежна ад зыходу выбараў, краіну чакае не самае вясёлкавае пяцігоддзе», – прадказвае гішпанская газета El Periódico de España.
«Мяркуючы па ўсім, грамадзянам у Францыі і ва ўсіх іншых краінах надакучыла галасаваць галоўным чынам супраць чаго-небудзь, і быць увесь час вымушанымі рабіць выбар на карысць меншага з попелаў. Незалежна ад таго, чым скончацца гэтыя выбары, варта задумацца над тым, чаму ўсё больш выбаршчыкаў ва ўсё большай колькасці дэмакратычных краін аддаюць свае галасы ультраправым кандыдатам. Усё больш французаў прытрымліваецца думкі, што ў бліжэйшыя гады сітуацыя пагоршыцца: як для іх саміх, так і для краіны ў цэлым. На думку васьмі з дзесяці грамадзян, у бліжэйшыя пяць гадоў Францыю чакаюць сур’ёзныя сацыяльныя ўзрушэнні», – прагназуе гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка