Агляд прэсы: агульным фронтам
Інфармацыя як галоўны сродак для стрымлівання КДБ Беларусі. Выбары ў Дзярждуму: партыі Пуціна дазволена ўсё. Генеральная Асамблея ААН: хто лепш зможа абараніць клімат? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Брытанскае выданне Council on Geostrategy задаецца пытаннем: «Ці можа трагічная смерць у Кіеве даць магчымасць Вялікабрытаніі скарыстаць сваю сілу спецслужбаў і службы бяспекі, каб дапамагчы сваім партнёрам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і стрымаць рэжымы, якія займаюцца пераследам і дыверсіямі за мяжой?».
На момант напісання артыкула дагэтуль незразумела, ці была смерць Віталя Шышова, знойдзенага павешаным у парку ў Кіеве, злачынствам з боку КДБ Беларусі. Аднак існуе інфармацыя аб тым, што ва Украіну былі накіраваны атрады з мэтай такой «ліквідацыі».
«Нават у параўнанні з расейскімі калегамі, КДБ Беларусі практычна не рэфармуецца з савецкіх часоў. Цяпер, калі Лукашэнка разгарнуў віртуальную вайну супраць апазіцыі, ступень, у якой яны могуць дзейнічаць дастаткова свабодна па большай частцы Еўропы, з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Асноўная частка замежных аператараў КДБ працуе пад дыпламатычным прыкрыццём у беларускіх пасольствах і консульствах, але некаторыя іншыя маскіруюцца як усе, пачынаючы ад журналістаў і бізнесменаў, заканчваючы студэнтамі і турыстамі», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Паводле Council on Geostrategy, празмерна расцягнутыя і недастатковыя рэсурсы органаў контрвыведкі па ўсёй Еўропе – гэта асаблівая праблема, на вырашэнне якой сродкаў бракуе. «Гэта стала прычынай чаму не было шырокамаштабнай і скаардынаванай праграмы закрыцця рэзідэнтаў, выведвальных пунктаў у пасольствах Беларусі па ўсім свеце. Гэта тое, над чым Вялікабрытанія, несумненна, можа ўзяць на сябе ініцыятыву. Акрамя таго, Лондану варта разгледзець магчымасць больш актыўна падтрымліваць такія краіны як з вопытам, так і з прадуктамі ўласных аперацый па зборы і аналізе самага галоўнага – інфармацыі. Гэта шанец дапамагчы краінам і абмежаваць свабоду дзеянняў спецслужбаў, якія ажыццяўляюць самыя агрэсіўныя аперацыі за мяжой: гэта не толькі Беларусь, але і Расея, Кітай, Іран ды Паўночная Карэя».
Паводле афіцыйных падлікаў, на выбарах у Дзярждуму пуцінская партыя «Адзіная Расея» набрала 49,8 адсоткі галасоў. Разам з аднамандатнікамі партыя зноў атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце. Еўрапейская прэса лічыць, што падобных вынікаў немагчыма было дасягнуць без фальсіфікацый. Якія наступствы гэта будзе мець для Расеі і для ўсяго свету?
«Масавых пратэстаў супраць вынікаў выбараў чакаць не даводзіцца», – піша венгерская газета Hvg.
«З прычыны адсутнасці рэальнай апазіцыі ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе наўрад ці паўторацца масавыя акцыі пратэсту, якія мелі месца яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Ранейшыя арганізатары альбо сядзяць за кратамі, альбо пакінулі краіну. Ды і дзяржаўныя органы куды больш жорстка абыходзяцца з патэнцыяльнымі ўдзельнікамі дэманстрацый, у прыватнасці, абвінавачваючы іх у экстрэмізме. Ясна, што аніякіх пратэставых мітынгаў пуцінскі рэжым не дапусціць. У якасці апраўдання ўлады могуць спаслацца і на эпідэміялагічную сітуацыю: штодня ў краіне рэгіструецца каля 20 тысяч новых выпадкаў заражэння на каронавірус», – падсумоўвае венгерскае выданне.
У пятніцу ў Нью-Ёрку завяршаецца 76-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН. Асноўная тэма : процідзеянне зменам клімату. У аўторак Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш нагадаў пра тое, што планета стаіць на краі бездані. Краіны свету ў адказ паведамілі аб запланаваных мерах. Кітай прыняў рашэнне адмовіцца ад будаўніцтва вугальных электрастанцый у іншых краінах, а Турцыя мае намер далучыцца да Парыжскага пагаднення. «Усё гэта – крокі, якія годныя ўхвалення, аднак яны маюць «падвойнае дно», – рэзюмуе прэса.
«За планамі Кітая стаяць эканамічныя меркаванні», – піша нямецкая газета Der Tagesspiegel і адзначае наступнае: «Вугальныя электрастанцыі зараз амаль усюды ў мінусе. І ў Кітаі банкі ўжо адкрыта пагаворваюць аб магчымасці выхаду з вугальнага бізнэсу. Чакаецца, што да 2025 года попыт на вугаль у Кітаі ўсё яшчэ будзе расці, а выкіды СО2 знізяцца толькі пасля 2030 года. І ўсё ж Кітай пасылае свету надзвычай важны сігнал: калі ўжо такі вугальны гігант, як КНР, можа пайсці на саступкі, то тады тое ж самае могуць зрабіць і іншыя».
У сваю чаргу праўладная турэцкая газета Yeni Şafak добра адлюстроўвае логіку заяў у ААН: «Турцыя мае намер падпісаць Парыжскае пагадненне па клімаце апошняй краінай з Вялікай дваццаткі. Раней Эрдаган на працягу многіх гадоў заяўляў, што ў выпадку падпісання Турцыяй гэтага пагаднення краіна чакае, што сусветная супольнасць акажа ёй фінансавую дапамогу. І гэта цалкам апраўдана».
Цэны на прыродны газ па ўсёй Еўропе дасягнулі завоблачных вышыняў: усяго за некалькі месяцаў яны выраслі ўтрая. Расце занепакоенасць з нагоды таго, у ва што выльюцца выдаткі на ацяпленне гэтай зімой і якая будучыня ў цэлым чакае галіну газаздабычы.
«Еўропа павінна стаць больш незалежнай ад імпарту газу», – такое патрабаванне вылучае харвацкая газета Jutarnji list.
«Ці можна ўсур’ёз зыходзіць з таго, што Расея будзе супрацоўнічаць з Еўропай у справе пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі – пераходу, канчатковай мэтай якога з’яўляецца рэзкае скарачэнне патрэбаў у газе, адной з галоўных пазіцый расейскага экспарту? У гэтым кантэксце бессэнсоўна дэманізаваць «Газпром». Куды больш карысна было б прааналізаваць усе тыя памылковыя крокі, якія і завялі Еўропу ў цяперашні тупік. Самай важнай высновай, да якой мусяць прыйсці еўрапейскія ўрады, у тым ліку і кіраўніцтва Харватыі, было б паскарэнне ўсіх праектаў па здабычы прыроднага газу ў самой Еўропе. Запасы тут, вядома, вельмі абмежаваныя і нават блізка не змогуць задаволіць еўрапейскія патрэбы. Але на кожны кубаметр газу, здабытага ў Еўропе, прыпадае адзін кубаметр газу, імпартаваць які ўжо няма патрэбы», – раіць харвацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка