Агляд прэсы: Ахвяры поспеху
Да мяжы Латвіі з Беларуссю мігранты прывозяць „людзей без прыкмет жыцця“. Украіна: ці правалілася контрнаступленне? Шырыцца крытыка ў адрас Нетаньяху. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Латвійскія памежнікі паведамілі, што мігранты, якія знаходзіліся каля беларуска-латвійскай мяжы ў надзеі яе перасекчы, прынеслі да агароджы насілкі, на якіх знаходзіліся два чалавекі «без бачных прыкмет жыцця», – піша ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.
«Падчас назірання за мяжой памежнікі заўважылі групу мігрантаў з беларускага боку, якія на імправізаваных насілках падносілі да агароджы нерухомага чалавека. Праз некаторы час прывезлі яшчэ аднаго чалавека «без бачных прыкмет жыцця», а таго пакінулі побач. Памежнікі распавялі, што раней выклікалі медыкаў для аказання дапамогі мігрантам, якія ўжо знаходзяцца на латвійскай тэрыторыі, яны моцна знясіленыя і пакутуюць ад пераахаладжэння. Пры гэтым яны падкрэслілі, што перамяшчэнне ўшчыльную да мяжы і пакіданне чалавека без дапамогі ў небяспечнай для жыцця сітуацыі з’яўляецца крымінальным злачынствам. У памежнай службе кажуць, што спробы мігрантаў патрапіць у Латвію праз Беларусь толькі пачашчаюцца, нягледзячы на атаку халадоў. Тым часам у Польшчы паведамілі, што нелегальных мігрантаў, якія маюць расейскія візы, усё часцей затрымліваюць пры спробе перасекчы мяжу», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
***
Лонданскі часопіс The Economist піша пра тое, што на фронце склалася патавая сітуацыя. Як адзначае генерал Залужны, ВСУ не хапае знішчальнікаў і асабовага складу. На думку былога дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча, які сам плануе балатавацца ў прэзідэнты Украіны, украінскі прэзідэнт не ў стане ўсвядоміць гэтую рэальнасць. «Патавая сітуацыя перш за ўсё на руку Расеі», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Яе тэрыторыя амаль не закранута вайной, а рэсурсаў у яе куды больш, чым ва Украіны. Калі ў гэтым плане нічога не зменіцца, то расейскі дыктатар можа проста марудна абяскровіць краіну, на якую ён напаў. І ў такім выпадку ён дасягнуў бы сваёй мэты – разбурыць Украіну. Для таго каб прадухіліць гэта, Захад менавіта зараз не мае права спыняць сваю падтрымку Украіны. І не толькі з салідарнасці, але і зыходзячы з уласных інтарэсаў. Як любіць паўтараць і сам Уладзімір Пуцін, у гэтай вайне гаворка ідзе пра значна большае, чым проста Украіну», – піша нямецкае выданне.
***
Да таго як баевікі радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС ажыццявілі свой крывавы напад на Ізраіль 7 кастрычніка, у краіне праходзілі шырокія акцыі пратэсту супраць права-рэлігійнага ўрада, сфарміраванага Біньямінам Нетаньяху. Цяпер, з прычыны пагрозы краіне , дэманстрацыі спыніліся. Аднак крытыка ў адрас прэм’ер-міністра не змаўкае, асабліва пасля таго як ён абвінаваціў спецслужбы ў тым, што тыя нібыта не папярэдзілі яго аб будучым нападзе. Як мяркуе румынскі партал Spotmedia, Нетаньяху не зможа справіцца з гэтым крызісам.
«Як паказвае досвед Венгрыі, антыліберальныя лідары здольныя вырашаць уяўныя крызісы, але ў іх няма рашэнняў на выпадак крызісаў рэальных, якім і стаў напад ХАМАС, які перахітрыў усю сістэму спецслужбаў і бяспекі Ізраіля. Больш за тое: палітыкі, якія выбудоўваюць сваю ўладу ў кааліцыі з экстрэмістамі, не могуць утрымаць усё пад кантролем – і хутчэй рызыкуюць толькі пагоршыць крызіс. Менавіта ў гэтым пункце і знаходзіцца зараз Нетаньяху. Ён выкарыстоўвае старадаўнюю стратэгію, а менавіта – звяртаецца да рэстаўрацыйнай настальгіі, якая толькі яшчэ больш расколвае грамадства», – піша румынскае выданне.
***
На міжнародным саміце ў Вялікабрытаніі 28 краін з пяці кантынентаў, у тым ліку Кітай, выказаліся за супрацоўніцтва ў сферы рэгулявання штучнага інтэлекту. У сваёй заяве ўдзельнікі падкрэслілі намер пашырыць аналіз рызык, звязаных са штучным інтэлектам, і сумесна супрацьдзейнічаць ім. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак назваў сустрэчу важнай «вяхой». Аглядальнікі абмяркоўваюць магчымыя далейшыя крокі. Як мяркуе мюнхенская Süddeutsche Zeitung, самая вялікая праблема, звязаная са штучным інтэлектам, – гэта тэмпы тэхналагічнага развіцця.
«Урады, і перш за ўсё дэмакратычна абраныя, працуюць павольна. Ім неабходны час для таго, каб знайсці кампрамісы і пачуць усе бакі. І гэта цудоўна. Аднак у выпадку са штучным інтэлектам падобная марудлівасць пагражае кепскімі наступствамі. Калі больш за тры гады таму Еўрапейскі саюз толькі пачаў абмяркоўваць збор правілаў для штучнага інтэлекту, такіх праграм, як Chat-GPT , яшчэ не існавала. Палітыкі ў Бруселі і Страсбургу былі ашаломлены хуткасцю тэхналагічнага развіцця – і аказаліся вымушанымі спешна адаптаваць свае планы. Так будзе і ў будучыні», – адзначае нямецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя