Агляд прэсы: амаль увесь свет супраць хакею ў Беларусі
Чэмпіянат свету па хакеі, хутчэй за ўсё, перанясуць з Беларусі ў іншую краіну, бо Латвія прымаць турнір з краінай, дзе пакуль яшчэ пануе крывавы дыктатар, адмовілася. Новы прэзідэнт Малдовы настроены выслаць расейскія войскі з Прыднястроўя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
ПС: Абраны прэзідэнт Малдовы Мая Санду ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню „Еўрапейская праўда” заявіла, што верыць у тое, „што аднойчы з’явіцца геапалітычная магчымасць для ўз’яднання” краіны, гэта значыць вяртання самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі пад поўны кантроль Кішынёва. Пры гэтым яна падкрэсліла, што выступае за мірнае рашэнне канфлікту, „замарожанага” з 1992 года. Па словах Санду, неабходна знайсці прынцыпы ўрэгулявання, прымальныя для ўсіх, пры гэтым яна адзначыла, што Расея павінна выступаць часткай перамоўнага фармату ў Прыднястроўі. Аднак яна выключыла план па федэралізацыі Малдовы, які цягам многіх гадоў прасоўвала Масква, а таксама выступіла за поўны вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі краіны. Аператыўная група расейскіх войскаў у Прыднястроўі зараз налічвае каля 1700 вайскоўцаў. Частка з іх уваходзіць у склад міратворчых сіл. Таксама расейскія ваенныя ахоўваюць буйныя склады боепрыпасаў у паселішчы Каўбасна. Улады Малдовы неаднаразова заклікалі да вываду расейскіх войскаў, аднак пытанне так і не было вырашана. Цяперашні прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, які прайграў на выбарах 15 лістапада Санду, быў супраць вываду войскаў. Санду не стала называць Прыднястроўе тэрыторыяй, акупаванай Расеяй, але адзначыла, што сепаратысцкая рэспубліка карыстаецца падтрымкай Масквы. Яна таксама сказала, што як пазітыўны, так і негатыўны вопыт урэгулявання ў Прыднястроўі можа быць выкарыстаны Украінай у Данбасе. Гаворачы аб прыналежнасці Крыма, Санду сказала, што, натуральна, лічыць яго ўкраінскім. Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы ў пятніцу афіцыйна абвясціла Маю Санду, лідара праеўрапейскай партыі „Дзеянне і салідарнасць”, пераможцай выбараў. Яна апярэдзіла Дадона амаль на 250 тысяч галасоў. У ходзе выбарчай кампаніі Санду казала пра неабходнасць рэформаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй і ўкараненне еўрапейскіх стандартаў. У той жа час яна за развіццё эканамічных сувязяў з Расеяй. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін павіншаваў яе з перамогай, піша „Еўрапейская праўда”.
Пратэсты ў Беларусі ідуць ужо больш за 100 дзён. Мітынгоўцы адмаўляюцца прызнаваць легітымнасьць выбараў прэзідэнта і заклікаюць Аляксандра Лукашэнку пайсці ў адстаўку. Аднак ва ўладзе нічога не мяняецца, становішча ў краіне не нармалізуецца. Яшчэ ў пачатку восені пайшлі размовы аб тым, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2021-га года ў Менску пад пагрозай. Тады ў міжнароднай федэрацыі не былі гатовыя каментаваць палітычныя падзеі і запэўнілі, што сочаць за сітуацыяй. Ішлі месяцы, а па сталіцы Беларусі працягваў хадзіць АМАП, адзначае sport24.ru. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Беларусь пазбавілася ўжо трох вялікіх спартовых турніраў. Краіна адмовілася ад правядзення Сусветнай шахматнай Алімпіяды, бо Міністэрства спорту не змагло гарантаваць авансавыя плацяжы і страхоўку. Турнір Суперлігі па лёгкай атлетыцы ў 2021-м годзе таксама не адбудзецца. А Еўрапейская канфедэрацыя фехтавання адмяніла чэмпіянат Еўропы-2020 з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі. Усё менш верыцца, што ў траўні ў сталіцы краіны пройдзе сусветнае першынство па хакеі (турнір Менск павінен прымаць разам з латышскай Рыгай). Рашэнне па гэтым пытанні можа быць вынесена найбліжэйшым часам. Некаторыя факты даюць зразумець, што ўсё ж такі магчымы перанос чэмпіянату свету з Беларусі. Днямі міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс забараніў уезд у сваю краіну старшыні назіральнага савета менскага «Дынама» і кіраўніку Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву, якога падазраюць у дачыненні да палітычнага забойства мастака Рамана Бандарэнкі ў Менску. Малады чалавек быў затрыманы сілавікамі ўвечары 11 лістапада. Пасля паўночы 12 лістапада ён быў дастаўлены ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, ацёкам мозгу, ударамі і ранамі. Увечары таго ж дня Раман памёр. Сам Баскаў заявіў, што не мае дачынення да дадзенага выпадку. Рынкевічс у твітэры выставіў фота закона аб іміграцыі і працытаваў становішча словамі славутага савецкага каментатара Мікалая Озерава «Такі хакей нам не патрэбны!». У Еўропе вельмі занепакоеныя сітуацыяй, а шведскія СМІ прысвяцілі некалькі тэкстаў тэме, аднак каментаваць сур’ёзныя абвінавачанні ў бок Баскава ніхто з функцыянераў не бярэцца. Акрамя Расеі ні адна з краін-удзельніц не выказала падтрымкі беларускім арганізатарам турніру. Прэзідэнт федэрацыі хакею Чэхіі Томаш Карл заявіў у прэсе пра няўпэўненасць, што каманда яго краіны адправіцца на чэмпіянат свету-2021, калі турнір пройдзе ў Беларусі. Віцэ-прэзідэнт ІІХФ з Фінляндыі Калерва Кумала неаднаразова каментаваў нестабільную палітычную абстаноўку ў Менску і на гэта раз таксама не ўтрымаўся ад заявы. «Я не веру, што Беларусь можа правесці ЧС-2021 у адзіночку». У сваю чаргу, Латвія не хоча праводзіць турнір разам з Беларуссю, яна наогул гатовая прыняць чэмпіянат самастойна. На дадзены момант другога стадыёна пад ЧС няма, але яго магчыма падрыхтаваць за чатыры месяцы, як было гэта ў 2006-м годзе, калі Рыга ўпершыню прымала турнір. Выказваюцца і дэпутаты Еўрапарламента. Людэк Нідэрмаер напісаў у твітэры, што «чэмпіянат не можа праводзіцца ў краіне, урад якой сістэматычна збівае, катуе ці нават забівае сваіх грамадзян, якія змагаюцца за дэмакратыю». Сітуацыю ўскладняе пандэмія каронавіруса, якая працягвае бушаваць па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі (у Латвіі справы ідуць нашмат лепш). Цяпер здаецца, што амаль увесь свет супраць Лукашэнкі і чэмпіянату свету ў Менску. І хоць Рэнэ Фазэль не любіць умешвацца ў палітыку і сварыцца з палітычнымі дзеячамі, яму верагодна прыйдзецца перанесці сусветнае першынство…
Бо калі ён гэта не зробіць, у Беларусь апрача зборнай Расеі ніхто не прыедзе, падагульняе напісанае sport24.ru.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя