Агляд прэсы: Амплуа Армагедона



Ці ўступіць Беларусь у вайну Расеі супраць Украіны? Абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: якімі будуць наступствы? Што вырашыць энэргетычны крызіс у Еўропе? Ці паспяхова пройдуць пратэсты супраць рэжымуў Іране? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Калі Аляксандар Лукашэнка працягне падтрымліваць Пуціна, ён можа навязаць прамую барацьбу сваёй краіне. Рашэнне Крамля абвастрыць вайну супраць Украіны, абвясціўшы частковую мабілізацыю і анэксаваўшы акупаваныя тэрыторыі на поўдні і ўсходзе Украіны, паставіла Лукашэнку перад цяжкім выбарам», – паведамляе міжнароднае выданне The Open Democracy.

„З лютага рэжым Лукашэнкі выступае ў якасці саўдзельніка расейскай агрэсіі супраць Украіны, падаючы сваю тэрыторыю ў якасці плацдарма для ўварвання, ракетных і авіяўдараў. Калі Лукашэнка пагадзіцца з новай эскалацыяй з боку Расеі, гэта амаль напэўна прывядзе да прамых баявых дзеянняў у Беларусі. Калі ён рэзка адмовіцца ад падтрымкі канфлікту, ён, у сваю чаргу, можа страціць падтрымку Расеі, якая яму патрэбная, каб заставацца ва ўладзе. Нядаўнія падзеі – мабілізацыя , анэксія і цяпер атака на Керчанскі мост, які злучае Крым з Расеяй – сур’ёзна пахіснулі гэты статус-кво. І выглядае на тое, што беларускі прэзыдэнт вырашыў падтрымаць крамлёўскую эскаляцыю. Цяжка паверыць, што Лукашэнка не задумваўся аб магчымых наступствах паразы Пуціна – паспяховае контрнаступленне Украіны ў Харкаўскай вобласці ў мінулым месяцы прадэманстравала, што Расея цалкам можа прайграць гэтую вайну. Верагодна, гэтыя меркаванні і натхяюць Лукашэнку на новыя спробы наладзіць дыялог з Захадам. Улады таксама далі зразумець, што перспектыва вызвалення новых палітвязняў магчымая, хоць і ў абмежаваных межах. Заходнія дыпламаты і палітыкі не каментуюць перамовы, але перспектывы здзелкі паміж рэжымам Лукашэнкі і Захадам выглядаюць сумнеўнымі, прынамсі на тых умовах, якія ставіць Менск. Зараз відавочна адно: у Беларусь плануецца зноў перадыслакаваць значныя расейскія сілы», – паведамляе міжнароднае выданне.

У панядзелак Расея выпусціла па ўкраінскіх гарадах больш за 80 ракет. Удары атрымалі грамадзянскія мэты, у тым ліку і ў цэнтры Кіева. Свае дзеянні Масква абгрунтавала тым, што Украіна нібыта здзяйсняе «тэракты» на расейскай тэрыторыі. Так віну за падрыў Крымскага моста, паводле Крамля, таксама нясе Украіна. Еўрапейская прэса піша пра тое, што Расея правакуе новы віток эскалацыі, які ёй, аднак, у доўгатэрміновай перспектыве нічога не абяцае.

«Ажыццяўляючы гэтак бязлітасныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, Расея сама заганяе сябе ў вялікую ізаляцыю», – каментуе сітуацыю нямецкая газета De Standaard.

«Адзінае, чаго такім спосабам дамогся Пуцін – гэта тое, што прага крыві з боку «ястрабаў» у крамлёўскім асяроддзі на нейкі час утолена. Але ў той жа самы час падобнымі дзеяннямі Крэмль адштурхвае ад сябе сваіх апошніх саюзнікаў, у першую чаргу «Кітай». Толькі беларускі дыктатар Лукашэнка яшчэ гатовы звязаць свой лёс з лёсам Пуціна. Сляпы тэрор супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны не прынясе жаданага эфекту. Калі ў лютым ракетныя абстрэлы і авіяўдары яшчэ сеялі паніку і страх, то зараз першая рэакцыя ўкраінцаў сведчыць пра тое, што яны непахісныя і гатовы біцца з падвоенай сілай. Непахіснай павінна быць і рэакцыя Захаду на эскалацыю, якую ажыццяўляе Расея», – заклікае нямецкае выданне.

Краіны Еўразвяза спрабуюць выпрацаваць агульную стратэгію па супрацьдзеянні росту коштаў на энерганосьбіты, але пакуль што да кансэнсусу прыйсці не змаглі. Урад Германіі прыняў рашэнне змякчыць наступствы павышэння цэн на газ для хатніх гаспадарак і прадпрыемстваў у краіне, і мае намер выдзеліць на гэтыя мэты 200 мільярдаў эўра. Ідуць дыскусіі пра тое, як гэта павінна выглядаць у дэталях. Праз некалькі дзён у Брусэлі адбудзецца чарговы саміт з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ, на якім пытанне агульнай стратэгіі зноў будзе ўзнята. «Спроба Пуціна шантажаваць Еўропу, урэзаўшы пастаўкі газу, правалілася», – падкрэслівае брытанская газета Financial Times.

«Аналіз адпаведных мадэляў паставак сведчыць пра тое, што, насуперак распаўсюджанай думцы, Еўропа атрымала на сусветных рынках дастаткова газу, як звычайнага, так і звадкаванага, каб цалкам замясціць страчаныя пастаўкі з Расеі. Больш за тое, Еўропа можа ўвогуле абысціся без расейскага газу, не абмяжоўваючы пры гэтым радыкальна попыт і не патрабуючы ад сваёй прамысловасці пераходу на іншыя крыніцы энергіі. А вось Пуціну, наадварот, давядзецца мірыцца з істотнымі стратамі з-за продажу газу, які не адбыўся. І страты гэтыя, паводле самых кансерватыўных ацэнак, будуць складаць 100 мільярдаў даляраў ЗША штогод», – падсумоўвае брытанскае выданне.

Пратэсты, якія ахапілі Іран пасля гібелі Махсы Аміні і накіраваныя супраць рэжыму аятал і законаў аб норавах, асабліва строгіх у стаўленні да жанчын, аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах як мужчын, так і жанчын, як персаў, так і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Рэжым душыць пратэсты з асаблівай жорсткасцю, паводле звестак праваабаронцаў, загінула сама меней 150 чалавек. «Іранскія ўладары цвёрда сядзяць у сядле», – мяркуе дацкая газета Jyllands-Posten.

«Пры прэзідэнце Трампе ЗША выйшлі з угоды, заключанай у 2015 годзе і накіраванай на тое, каб прадухіліць з’яўленне ў Ірана атамнай бомбы. І зараз у Ірана ёсць усе магчымасці стаць ядзернай дзяржавай. Перспектыва гэтага вельмі жахлівая, у тым ліку і таму, што ў гэтым выпадку на Блізкім Усходзе можа пачацца сапраўдная ядзерная гонка. Першай падцягнецца Саудаўская Аравія, якая зробіць усё дзеля таго, каб ні ў чым не саступаць свайму галоўнаму суперніку. Якімі б смелымі ні былі пратэсты ў Іране, яны не ўяўляюць для рэжыму пагрозы. Аятолы трымаюць уладу жалезнай рукой, і не маюць намеру адыходзіць», – адзначае дацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя