Агляд прэсы: апірышча для восі зла



Лукашэнка просіць дапамогі. Ці можа Пуцін разлічваць на дапамогу Кітая? Украіна: мільёны людзей сталі бежанцамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка папрасіў узмацніць эканамічную падтрымку Расеі на фоне моцнага санкцыйнага ціску. Эканоміка Беларусі моцна пацярпела ад заходніх санкцый, і цяпер рэжым разам з Расеяй прайграе інфармацыйную вайну на ўсіх франтах», – піша еўрапейскае выданне intellinews.

Выданне цытуе начальніка генштаба Беларусі Віктара Гулевіча, які паведаміў , што Беларусь збіраецца замяніць пяць батальённых тактычных груп (БТГ) на пяць новых. Пяць БТГ нібыта выступаюць у якасці падтрымкі памежнікаў, бо Менск лічыць неабходным «забяспечыць мяжу» на выпадак ўкраінскага нападу. «Гэта супярэчыць папярэдняй заяве Лукашэнкі аб павелічэнні колькасці БТГ на мяжы з Украінай да 10. Розныя заявы Гулевіча і Лукашэнкі сымптаматычныя для таго, што Менск (як і Расея) прайграе інфармацыйную вайну. Лукашэнка, як звычайна, кажа рэчы, якія альбо яшчэ не вырашаны, альбо пра якія ён проста хлусіць, усё для таго, каб падняць настрой і занепакоіць Украіну і замежных дыпламатаў, што ён можа абвастрыць сітуацыю. У той час як Лукашэнка і Пуцін нібыта дамовіліся , што Расея будзе пастаўляць Беларусі найноўшую вайсковую тэхніку (што Расея адмаўляецца рабіць з 1991 году), сапраўднай ваеннай эскалацыі каля мяжы з боку Лукашэнкі не назіраецца.

Як і Расея, Беларусь з пачатку вайны страціла шмат замежных кампаній і інвестараў: ЕБРР, Сусветны банк і ЕЗ, якія прыпынілі сваё трансгранічнае і транснацыянальнае супрацоўніцтва. Яшчэадна праблема для Менску: нягледзячы на тое, што ён можа пагадзіцца на далейшую эканамічную і палітычную інтэграцыю, Расея ўсё яшчэ не дапускае яго да свайго рынку. Беларускія вытворцы ў бліжэйшы час не будуць уключаны ў праграму імпартазамяшчэння. Некаторыя гандлёвыя бар’еры могуць быць паслабленыя, але Масква, безумоўна, хоча, каб расейскія кампаніі дамінавалі на яе ўнутраным рынку. Улічваючы адносную канкурэнтную перавагу Беларусі ў некаторых машынабудаўнічых вырабах, Масква можа асцерагацца дазволіць ёй заняць долі рынку па меры выхаду заходніх кампаній», – прагназуе еўрапейскае выданне.

Шэраг амерыканскіх выданняў, у тым ліку New York Times і Financial Times, са спасылкай на крыніцы ў афіцыйных колах у Вашынгтоне апублікавалі паведамленні аб тым, што Масква звярнулася да Кітая з просьбай аб ваеннай дапамозе для працягу вайны ва Украіне. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Кітая Чжао Ліцзянь заявіў, што «ЗША апошнім часам распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю пра Кітай». Еўрапейская прэса разважае пра тое, якія наступствы чакаюць свет у выпадку, калі Пекін сапраўды вырашыць падтрымаць Маскву.

«Гэта быў бы горшы сцэнар з усіх магчымых», – такі каментар дае фінская газета Ilta-Sanomat.

«Калі просьба аб ваеннай дапамозе, з якой, як кажуць, Пуцін звярнуўся да Кітая, будзе выканана, то гэта стане крокам у небяспечным накірунку, у канцы якога нас чакае горшае з горшага: сусветная вайна. Калі Кітай пачне дапамагаць Расеі зброяй, то гэтыя дзве краіны аб’яднаюцца ў кааліцыю, гатовую на непрадказальныя дзеянні, ізаляваную ад усяго астатняга свету і ўзброеную ядзернай зброяй. У Захаду, які ўзначальвае ЗША, з’явіцца супернік, які ў сваім імкненні задаволіць свае экспансіянісцкія апетыты без замаруджвання пусціць у хаду ваенную сілу: у стылі цяперашняй вайны ва Украіне. Падобны альянс стаў бы сапраўднай воссю зла», – папярэджвае фінскае выданне.

Паводле ацэнак ААН, за тыдні, якія прайшлі з пачатку вайны, колькасць бежанцаў з Украіны магла дасягнуць чатырох мільёнаў чалавек. Больш за два з паловай мільёны ўкраінцаў ужо збеглі ў суседнія краіны: Польшчу, Румынію, Малдову, Славакію і Венгрыю. Аглядальнікі заклікаюць рыхтавацца да прыёму бежанцаў, а таксама падумаць аб абароне тых, хто бяжыць з Расеі.

У сілу агаворкі ў Маастрыхцкай дамове рашэнне аб прадастаўленні бежанцам з Украіны асаблівага статусу, прынятае на ўзроўні ЕЗ, не распаўсюджваецца аўтаматычна на Данію. У пятніцу Данія плануе прыняць адпаведны карэктуючы закон. Як адзначае дацкае выданне Politiken, пры гэтым трэба падумаць і пра расейскіх уцекачоў.

«Прадстаўнікі многіх палітычных партый указваюць на тое, што дзеянне гэтага закона павінна таксама распаўсюджвацца і на расейскіх і беларускіх вайскоўцаў, якія не жадаюць ваяваць супраць Украіны. Гэта важна і правільна. Закон павінен распаўсюджвацца і на расейскіх грамадзян, якія аспрэчваюць палітыку Пуціна. Прадастаўленне палітычнага прытулку тым, хто дэзертуе з вайны, асуджанай усімі заходнімі міжнароднымі арганізацыямі, здаецца чымсьці, што само сабой разумеецца, аднак гісторыя паказвае, што гэта не заўсёды так», – піша дацкае выданне.

Вайна ва Украіне прывяла да значнага росту коштаў на энерганосьбіты ва ўсім свеце. Для Еўропы гэта яшчэ адна з прычын імкнуцца як мага хутчэй пераадолець залежнасць ад расейскіх паставак. Адначасова з гэтым урады краін ЕЗ спрабуюць распрацаваць стратэгіі для змякчэння наступстваў росту цэн і супрацьдзеяння збядненню насельніцтва.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Джонсан спрабуе ўгаварыць Саудаўскую Аравію павялічыць аб’ёмы здабычы нафты. Брытанская газета The Guardian крытычна ставіцца да падобнага роду спробаў.

«Хто наступны з тых, каму мы збіраемся патураць? Алігархі з ААЭ ці Нікалас Мадура, кіраўнік багатай нафтай Венесуэлы? Вайна ва Украіне скончыцца, і кошты ўпадуць, як гэта часта бывала і раней. Няма прычын даваць вытворцам нафты магчымасць адмыць свае рэпутацыі ў сталіцах краін Захаду. Саудаўская Аравія – агідны рэжым. Калі Вялікабрытанія лічыць санкцыі правільным адказам на дзеянні Пуціна, дык тады яна павінна быць гатовая плаціць за выдаткі гэтага рашэння. Даць адпор аднаму дыктатару зусім не азначае, што трэба патураць іншым», – адзначае вядучае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка