Агляд прэсы: апошні адлік
Што наспявае ў Беларусі? Паўночны паток-2: хто выйграе, хто прайграе? Ізраільскі ўрад абвешчаны «хросным бацькам» кіберіндустрыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Украінскае выданне Новы час прыйшло да высновы, што магчыма, Лукашэнка ўжо прадаў Радзіму Уладзіміру Пуціну.
«Лукашэнка застаўся вельмі незадаволены вынікамі 5-ці гадзінных перамоваў, мажліва самых працяглых у гісторыі паміж дзвюма краінамі. Лукашэнка, застаўшыся наогул без грошай, збіраецца кампенсаваць недахоп іх і легітымнасці масавымі рэпрэсіямі тыпу сталінскіх. Літаральна на днях, уступіў у сілу ўказ Лукашэнкі аб тым, што Нацбанк Беларусі мае права адбіраць у насельніцтва ўсю валюту з банкаўскіх рахункаў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
На думку аўтара матэрыялу, Лукашэнка душыць усё жывое наогул па перыметры не ад добрага жыцця, а таму што падчас перамоваў патаемна мог перадаць частку беларускага суверэнітэту.
«Пуцін усё ж такі выкруціў яму рукі і здолеў дамагчыся адмовы Лукашэнкі ад часткі суверэнітэту над Беларуссю. Бо як толькі Лукашэнка вярнуўся ў Мінск, пачаліся масавыя ператрусы і арышты ўсіх пагалоўна недзяржаўных СМІ і няўрадавых арганізацый Беларусі. Мабыць Лукашэнка вельмі перажывае, каб не пачаліся хваляванні пасля таго, як усім стане вядома, што ён прадаў радзіму Уладзіміру Пуціну. Сітуацыя становіцца вар’яцкай. У Беларусі зараз фактычна існуе самая сапраўдная Паўночная Карэя ў палітычным сэнсе слова».
«Але такі ціск давядзе беларусаў да той рысы, калі яны сапраўды пачнуць супраціўляцца і падпальваць дамы і машыны тым людзям, якія складаюць ядро рэжыму Лукашэнкі. Такім чынам, цалкам верагодна, што у Беларусі штосьці наспявае», – падсумоўвае Новы час .
Берлін і Вашынгтон ўладзілі сваю спрэчку вакол газаправода Паўночны паток-2. ЗША адмянілі ўсе санкцыі, уведзеныя ў сувязі з яго будаўніцтвам. Што ж азначаюць цяперашнія дамоўленасці для Еўропы і Вашынгтону?
«Паўночны паток-2 – гэта інвестыцыя ў будучыню», – упэўнена аўстрыйская газета Der Standard.
«Было б абуральным глупствам не пракласці апошнія адсутныя кіламетры галіны газаправоду ў Балтыйскім моры. Цяпер цвярозы розум перамог – і гэта выдатна. Наяўны транзітны кантракт з Расеяй, які штогод прыносіць Кіеву два мільярды даляраў транзітных збораў, заканчваецца ў 2024 годзе. Той факт, што пасля ўводу ў эксплуатацыю Паўночнага патоку-2, расейскі прыродны газ пойдзе праз Украіну і Польшчу, адпавядае інтарэсам Еўропы: чым больш трубаправодаў, тым больш надзейныя пастаўкі. Еўропа яшчэ доўгі час будзе залежаць ад газу як альтэрнатывы вугалю. У свой час Паўночны паток-2 можна будзе выкарыстоўваць і для транспарціроўкі вадароду. Калі справа даходзіць да пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, для Еўропы кожная нітка трубаправоду – на вагу золата», – акцэнтуе прыярытэты аўстрыйскае выданне.
«Ці дазваляў Ізраіль сумніўны экспарт праграмнага забеспячэння для сачэння, кіруючыся палітычнымі інтарэсамі? Не выклікае сумненняў тое, што ўрад мае дакладнае ўяўленне аб кліентах фірмы NSO Group», – друкуе вынікі ўласнага расселдвання швайцарскае выданне Tages-Anzeiger.
«Ні ў адной краіне свету адносіны паміж спецслужбамі і прамысловасцю не з`яўляюцца традыцыйна больш шчыльнымі, чым у Ізраілі», – піша выданне. – «Гэта звязана з двума асаблівасцямі: краіна ўвесь час знаходзіцца ў стане вайны, і такое супрацоўніцтва – гэта патрыятычны абавязак. А без шматлікіх экспертаў, якія набываюць свой вопыт падслухоўвання ў войску, перш чым сысці ў бізнэс, ізраільская кіберіндустрыя не была б гэтак паспяховай».
Швейцарская газета падкрэслівае, што сумневаў не выклікае тое, што ізраільскі ўрад мае дакладнае ўяўленне аб кліентах праекта Pegasus кампаніі NSO Group.
«Відавочна, што гэтая мадэль была даведзена да дасканаласці ў эпоху прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху», – піша Tages-Anzeiger. – «Нетаньяху часта называў Ізраіль «сусветнай кібердзяржавай», і ёсць шмат падстаў меркаваць, што ўрад Ізраіля хутка ўсвядоміў каштоўнасць тэхналогіі сачэння для сваіх мэтаў у знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі. Былыя і цяперашнія амерыканскія чыноўнікі ў колах бяспекі перакананыя, што ізраільскія спецслужбы сочаць за тым, як кліенты кампаніі выкарыстоўваюць гэтую тэхналогію».
У Токіо адкрыліся чарговыя Алімпійскія гульні. Ужо адбыліся першыя спаборніцтвы. Прэзідэнт МАК Бах неаднаразова заяўляў, што алімпійскі агонь з’яўляецца сімвалам сумеснага пераадолення пандэміі. Але цяпер спаборніцтвы праходзяць без гледачоў: Японія закрываецца ад іх. У еўрапейскай прэсе вядуцца дэбаты пра тое, ці стала правядзенне гульняў верным рашэннем.
«У такім выглядзе, у якім Алімпійскія гульні праводзяцца зараз, лепш было б іх адкласці да лепшых часоў», – лічыць нідэрландскае выданне De Volkskrant.
«Гэта гульні, у якіх няма ні граму алімпійскай ідэі. А размова ідзе пра адносіны спартсменаў з усіх кантынентаў, цёплы прыём мясцовага насельніцтва, упэўненасць у сабе, якую адчувае краіна, якая на два тыдні становіцца ў цэнтры ўвагі ўсяго свету. Таго, што адрознівае Алімпійскія гульні ад іншых турніраў, на гэты раз няма наагул. На пачатку году мы спадзяваліся на тое, што Алімпійскія гульні стануць сімвалам заканчэння сусветнай пандэміі, сімвалам нашага вызвалення. Але цяпер яны пагражаюць стаць першым чынам сімвалам непераможнасці каронавірусу і задушлівага локдауну, які вось ужо больш за год трымае свет мёртвай схопкай», – падкрэслівае нідэрландская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка