Агляд прэсы: апошнія інструкцыі
Беларусь – краіна не для жыцця. Маштабнае ўварванне Расеі на Украіну малаверагодна. ЗША нанеслі ўдар па планах «Газпрома». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«2021 год у Беларусі – гэта бесперапынны тэрор. У другой палове 2020-га Лукашэнка, відавочна, перажыў экзістэнцыйную пагрозу. І пакуль апазіцыя ў асобе Святланы Ціханоўскай збіралася «спакойна перазімаваць», а ўжо вясной, на хвалі пратэстаў, якія зноў бы успыхнулі, пачаць перамовы аб будучай капітуляцыі дыктатара, той планамерна знішчаў усе патэнцыйныя крыніцы гэтай пагрозы», – піша расейскае выданне Grani.ru.
„Пратэсты не ўспыхнулі. Трэці сектар у Беларусі падвергся татальнаму разгрому. На сённяшні дзень ліквідавана 275 грамадскіх арганізацый. Пры розніцы насельніцтва ў 15 разоў, у Беларусі абсалютная колькасць палітвязняў амаль утрая большая, чым у Расеі. На другую палову лютага наступнага года ў Беларусі запланаваны рэферэндум па папраўках да Канстытуцыі. Гэта азначае, што ў Беларусі варта чакаць на вялікую прэвентыўную зачыстку дадаткова да руціннай. Акрамя таго, варта чакаць і на новыя вялізныя тэрміны: на чарзе працэсы па справах аб „тэрарызме” і „змове з мэтай захопу ўлады”. У 57-гадовага Аляксандра Фядуты, фігуранта апошняй справы, днямі была дыягнаставана вострая сардэчная недастатковасць. А ў 64-гадовага Рыгора Кастусёва анкалагічнае захворванне», – адзначае расейскае выданне.
«Ці наўрад Масква пойдзе ў наступ на Украіну», – піша амерыканскі часопіс Foreign Policy, называе пяць фактараў, сукупнасць якіх прымусіць Расею пачаць інтэрвенцыю, і ўказвае на тое, што сёння такое спалучэнне зменных падстаў адсутнічае.
«Свет глядзіць на расейска-ўкраінскую мяжу з асцярогай, і не дарма. Расея засяродзіла на мяжы каля 120 000 вайскоўцаў, а за апошнія дні баявыя дзеянні на лініі судакранання паміж прамаскоўскімі сепаратыстамі і ўкраінскімі сіламі бяспекі актывізаваліся. Варта ўлічваць, што ў сваіх рашэннях аб ваенных інтэрвенцыях на тэрыторыі былога Савецкага Саюза Расея стратэгічна абапіраецца на пяць зменных фактараў: 1) «спускавы кручок» або першапрычына; 2) падтрымка на месцах; 3) чаканы ваенны водгук; 4) тэхнічная магчымасць; і 5) адносна нізкія палітычныя і эканамічныя выдаткі, асабліва калі гаворка ідзе пра неваенныя адказы кшталту санкцыяў ці дыпламатычных абмежаванняў. І калі Расея памыляецца, гэта вельмі дорага ёй абыходзіцца. І хаця буйнамаштабнае ўварванне Расіі на Украіну малаверагодна, аднак гэта не выключае альтэрнатыўных, нетрадыцыйных ваенных мераў з боку Расеі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
“ЗША перанакіравалі танкеры з газам з Азіі ў Еўропу, у выніку чаго кошт паліва значна знізіўся. Дзякуючы такому рашэнню амерыканцы хоць і на час, але часткова вызвалілі еўрапейскі рынак ад «палону «Газпрама»», – піша ўкраінская газета Обозреватель.
“ЗША ўжо паўплывалі на кошт газу ў Еўропе, але толькі на спотавым рынку – гэта значыць, пры ўмове неадкладнай пакупкі і дастаўкі. Усяго за тыдзень цана за тысячу кубоў упала ўдвая да $1100. Аднак у гэтым выпадку нельга выключаць і палітычны складнік. ЗША фактычна праяўляюць энергетычную салідарнасць, што можна параўнаць з прарывам блакады Заходняга Берліну ў 1948-1949 гадах, калі авіяцыяй дастаўлялі вугаль і іншыя тавары. Такая процівага таму гібрыднаму газаваму палону Еўропы, які рэалізавала Расея пры дапамозе „Газпрома“. Калі гэтыя пастаўкі будуць працягнутыя, „Газпром“ не зможа рабіць так, як гэта рабіў на працягу апошніх трох месяцаў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
У выніку распаўсюджвання выключна заразнага штаму каронавірусу сітуацыя ў Еўропе пагаршаецца. У Даніі колькасць інфіцыраваных досыць вялікая, краіна асабліва пацярпела ад новага штаму каранавіруса, таму ў ёй ўводзяцца новыя абмежаванні. Нягледзячы ні на што, дацкая газета Jydske Vestkysten настроена аптымістычна:
«Спалучэнне кланавага менталітэту, высокага ўзроўню асветы і невялікага па колькасці, адносна аднастайнага насельніцтва з вельмі падобным ладам мыслення прыводзіць да таго, што мы культывуем узаемны давер, прымаем да ўвагі рэкамендацыі ўладаў і давяраем ім у прынцыпе. На нашых паўднёвых межах грамадзяне становяцца сведкамі таго, як эпідэмія падзяліла краіну, якая ўжо змагалася з няроўнасцю і недаверам. У Нямеччыне супраціў вакцынацыі і прафілактыкі стала настолькі разлютаваным, што службы нацыянальнай бяспекі папярэджваюць аб пагрозе дэмакратыі. У некаторых рэгіёнах Нямеччыны згуртаванасць слабее, а ў Даніі яна мацней, чым калі б там ні было», – адзначае дацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка