Агляд прэсы: арляняты вучацца лётаць
«Газпрам» скарачае газ у ЕЗ праз Беларусь на 70 адсоткаў. У Румыніі абвешчаны вотум недаверу ўраду. Францыя прадставіла даклад аб сексуальным гвалце ў каталіцкай царкве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Расейская кампанія «Газпрам» працягвае скарачаць пастаўкі газу ў Еўропу праз Беларусь, што патэнцыйна пагаршае напружаную кан’юнктуру рынку. Па апошніх дадзеных «Газпрама», экспарт у ЕЗ праз Беларусь скараціўся са 112 млн кубаметраў 26 верасня да ўсяго толькі 30 млн кубаметраў у нядзелю, 3-га кастрычніка, што складае падзенне ажно на 70 адсоткаў», – паведамляе еўрапейскае выданне EUobserver.
Выданне адзначае, што і пастаўкі непасрэдна з Расеі праз Беларусь у суседнюю Украіну таксама скараціліся прыкладна са 110 да 85 мільёнаў кубаметраў. «Напалову скараціліся і пастаўкі праз трубаправод Ямал, які ідзе з Расеі праз Беларусь у Польшчу. Амерыканскія аналітыкі заявілі, што скарачэнне Ямала можа прывесці да падаражання газу ўзімку. Да таго ж зніжэнне паставак газу ў ЕЗ, на якія скардзіцца большасць еўрадэпутатаў, стала формай палітычнага шантажу ў дачыненні да зацвярджэння «Паўночнага патоку-2», – лічыць EUobserver.
Выданне падкрэслівае, што выжыванне Еўразвязу, як незалежнай супольнасці, здольнай абараніць сябе і сваіх суседзяў, у тым ліку Беларусь, звязана з пытаннямі аднаўляльных крыніц энергіі, коштаў ды бяспекі паставак газу, а таксама клімату. «Пашырэнне мясцовай, даступнай, аднаўляльнай энергіі – гэта шлях наперад», – рэзюмуе еўрапейскае аналітычнае выданне.
Парламент Румыніі выказаў вотум недаверу ліберальнаму ўраду на чале з Фларыянам Кыцу з Нацыянальнай ліберальнай партыі. Ініцыятарам галасавання выступіла Сацыял-дэмакратычная партыя, якая знайшла падтрымку ў раней выключанай з кіруючай кааліцыі партыі ліберальных рэформаў USR-Plus, а таксама правых нацыяналістаў ад AUR. Не зразумела, якія партыі зараз могуць скласці большасць, здольную сфармаваць урад. Каментатары асцерагаюцца доўгага перыяду нявызначанасці на фоне чацвёртай хвалі пандэміі.
Як адзначае румынскае выданне G4Media, палітыкі вядуць тут сваю ўласную і вельмі небяспечную гульню:
«На самой справе ніхто не жадае правядзення датэрміновых выбараў. У ходзе паўторнага галасавання па вотуму даверу ў прэм’ер-міністра Кыцу маюцца ўсе шанцы атрымаць перамогу. І калі ўсё пойдзе па такім сцэнары, то ўвесь гэты палітычны крызіс апынуўся б проста марным. І ў гэтым выпадку ў разгар пандэміі Румынія апынулася б краінай з паралізаваным урадам: на змену абранаму год таму легітымнаму ўраду прыйшла б нікім не абраная кааліцыя ў складзе Нацыянал-ліберальнай партыі і Дэмакратычнага саюзу венграў Румыніі, пры падтрымцы Сацыял-дэмакратычнай партыі. Калі падобнае скажэнне палітычнай гульні ўвасобіцца ў жыццё, то сацыяльныя наступствы стануць крытычнымі: фрустрацыя сярод насельніцтва ўзмацніцца, і людзі кінуцца ў абдымкі экстрэмісцкіх партый», – падсумоўвае румынскае выданне.
Каля 330 тысяч дзяцей сталі ахвярамі сексуальнага гвалту ў каталіцкай царкве Францыі за апошнія сем дзесяцігоддзяў. Да такой высновы пасля двух з паловай гадоў працы прыйшла незалежная камісія. Еўрапейскія СМІ пішуць пра тое, якія змены павінны рушыць услед за першым шокам.
«Царква павінна правесці рэформы і расследаваць усе падобныя выпадкі», – піша ірландская газета The Irish Times.
«Зараз перад французскай царквой стаіць задача не спыняцца на словах mea culpa, што прагучалі за апошнія два дні. Рэкамендаваную камісіяй кампенсацыю павінны атрымаць усе ахвяры, з тых, каго атрымалася высвятліць, нават у тых выпадках, калі тэрмін іскавай даўніны мінуў. А царква павінна ўвесці ў сябе працэдуру строгага кантролю пры найме персаналу для працы з дзецьмі. Святары павінны праходзіць курс абароны дзяцей. Неабходна таксама ўвесці правіла абавязкова паведамляць пра падазрэнні з нагоды сексуальнага гвалту, незалежна ад таго, ці адпавядае такое правіла кананічнаму статуту ці не», – патрабуе ірландскае выданне.
У тэхналагічнага гіганта Facebook справы цяпер не самыя лепшыя: у панядзелак увечары з-за няспраўнасці на працягу некалькіх гадзін заставаўся недаступным цэлы шэраг сэрвісаў, якія належаць канцэрну, у тым ліку Instagram і WhatsApp. У аўторак былая супрацоўніца Facebook Фрэнсіс Хоген выставіла перад Кангрэсам ЗША сур’ёзныя абвінавачванні супраць былога працадаўцы. Еўрапейскія СМІ разважаюць пра бяспеку ў інтэрнэце.
«Паказанні сведкі, дадзеныя інфарматарам Фрэнсіс Хоген перад амерыканскім Сенатам, павінны нарэшце раскрыць вочы карыстальнікам Facebook», – з надзеяй піша брытанская газета The Independent.
«Мы ўжо даўно адчуваем, якое шкоднае ўздзеянне аказвае Facebook на нашае грамадства, дэмакратыю, нашых дзяцей і наша здароўе. А зараз раптам з’явіўся інсайдэр, які ў ходзе беспрэцэдэнтнага кроку абнародаваў тысячы дакументаў і выкрыў усё «маральнае банкруцтва» Facebook. Карціна жахлівая: кіраўніцтва Facebook выдатна інфармаванае аб тым, наколькі разбуральныя яго прадукты, і робіць вельмі мала для таго, каб гэта змяніць. Абнародаваныя абвінавачанні наглядна дэманструюць, што кіраўніцтва Facebook нязменна ставіць дасягненне прыбытку вышэй за грамадскі дабрабыт», – канстатуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка