Агляд прэсы: асабістыя цацкі палітыкі
СМІ свету абмяркоўваюць, як у Беларусі рэжым заблакаваў папулярны навінавы партал. Блізкі Усход: спыненне агню дасягнута – што цяпер? Прэзідэнт Чэхіі прынёс прабачэнні Сербіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Улады Беларусі заблакавалі навінавы сайт tut.by – папулярнае ў краіне онлайн-выданне і адно з апошніх незалежных СМІ. У рэдакцыі і кватэрах супрацоўнікаў праводзяцца ператрусы, многія затрыманыя. Афіцыйная падстава: абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. «На руінах усяго будзе квітнець толькі Telegram», – расейскае выданне VTimes накідвае наступную карціну будучага беларускага медыяландшафту. «Не выключана, што ў хуткай будучыні партал адновіць працу, але ўжо з іншымі ўласнікамі. Але гэта будзе толькі муляж сапраўднага Tut.by. Улады Беларусі планамерна зачышчаюць незалежную прастору, карыстаючыся млявай рэакцыяй грамадства, якое пры дапамозе рэпрэсій удалося запалохаць і вярнуць (прынамсі, часова) у вегетатыўны стан. Аднак знішчэнне Tut.by (роўна як і іншых папулярных сайтаў) праблемы не вырашыць. Аўдыторыя перамясціцца ў телеграм-каналы, якія ўжо цяпер дазваляюць сабе не затлумляцца стандартамі прафесійных СМІ. І Лукашэнка атрымае на парадак больш агрэсіўны медыяасяродак», – падкрэслівае расейскае выданне.
***
У ноч на пятніцу Ізраіль і ХАМАС дамовіліся пра спыненне агню. Пакуль што абодва бакі прытрымліваліся дасягнутых дамоўленасцяў. Генеральны сакратар ААН Гутэрэш вітаў перамір’е і заявіў пра неабходнасць хутчэйшага аднаўлення перамоваў. Еўрапейскія СМІ, тым не менш, сумняюцца ў тым, што мір у рэгіёне можна ўсталяваць пры дапамозе дыялогу. На думку нямецкай газеты Frankfurter Rundschau, многае паказвае на тое, што нават пасля спынення агню сітуацыя ўсяго толькі вернецца да той кропкі, з якой усё пачалося. «Без перспектыў для замкнёнага ў Газе 2,2 мільёна палестынцаў, дзе маецца армія беспрацоўных, але няма нават дастатковай колькасці чыстай пітной вады, новы ўсплёск гвалту наканаваны і абавязкова здарыцца, раней ці пазней. Баявая моц ХАМАС, магчыма, значна аслаблена, аднак кантынгент маладых беспрацоўных мужчын, якія нярэдка ідуць служыць у ХАМАС за плату, нікуды не дзеўся. Пра вопыт папярэдніх войнаў у сектары Газа вядома наступнае: у цэлым сітуацыя па выніках войнаў не палепшылася. І ХАМАС, і Нетаньяху цалкам спакойна кіравалі краінамі і далей», – піша нямецкае выданне.
***
На сустрэчы са сваім бялградскім калегам Аляксандрам Вучычым прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман папрасіў у Сербіі прабачэння за бамбаванне краіны сіламі НАТО, якое мела месца ў 1999 годзе. Паводле яго слоў, гэта прабачэнне было чыста асабістым жэстам. Хоць Чэхія не прымала ўдзелу ў бамбаванні, тагачасны ўрад, на чале якога стаяў сам Зэман, прадставіў амерыканскім знішчальнікам права пралёту над Чэшскай Рэспублікай. Мясцовая прэса ў здзіўленні. «Паводзіны прэзідэнта супярэчыць Канстытуцыі», – піша чэшская газета Český rozhlas. «Прыватызацыя знешняй палітыкі краіны набыла абсурдныя рысы. У мінулым Зэман неаднаразова ставіў пад сумнеў санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Расеі пасля акупацыі Крыма. І гэта нягледзячы на тое, што чэшскі ўрад афіцыйна да іх далучыўся. Міністр замежных спраў Кулганэк паспяшаўся заявіць, што прынясенне выбачэнняў Сербіі – асабістая ініцыятыва прэзідэнта, але не афіцыйная пазіцыя чэшскай дзяржавы. Гэты факт толькі падкрэсліў усю абсурднасць таго, што адбываецца», – адзначае чэшскае выданне.
***
«Нават на фоне толькі што апублікаванага дакладу аб наступствах зменаў клімату многія краіны-ўдзельніцы не збіраюцца адмаўляцца ад імкнення ўзбагаціцца за кошт рэсурсаў», – адзначае французская газета Libération. У чацвер у Ісландыі прайшло чарговае пасяджэнне Арктычнай рады – міжнароднай арганізацыі, закліканай збалансаваць інтарэсы сумежных дзяржаў Арктыкі і карэнных народаў, якія насяляюць іх. Усё большую актыўнасць у рэгіёне вакол Паўночнага полюса праяўляюць такія буйныя дзяржавы, як ЗША і Расея, якая ўзначаліла раду на бліжэйшыя два гады. Аглядальнікі патрабуюць ад удзельнікаў паставіць абарону клімату вышэй за геастратэгічныя разлікі. «Якое значэнне мае выжыванне белых мядзведзяў у параўнанні з непрадказальнымі геапалітычнымі інтарэсамі? Там, пад лёдам, схаваныя скарбы ў выглядзе 13 адсоткаў агульнасусветных запасаў нафты і яшчэ нават не падлічаных радовішчаў урану, кобальту і плаціны. На гэтым фоне выжыванне мядзведзяў, якія далі назву гэтай тэрыторыі (ад лацінскага arcticus – «мядзвежы кут»), папросту можа апынуцца пад пытаннем. Тым не менш, выбаршчыкі Грэнландыі, якіх наўпрост тычацца наступствы змены клімату, на апошніх выбарах аддалі перавагу 34-гадоваму палітыку ад «Зялёных», які стаў у выніку самым маладым прэм’ер-міністрам планеты. Арктычнай радзе не варта выпускаць гэта з-пад увагі», – піша французская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.