Агляд прэсы: асуджаныя на правал



Рэпрэсіі ў Беларусі выстаўляюць Зімбабвэ дылетанткай. Турэцка-швецкае напружанне. Тры гады пасля Брэкзіту. Апазіцыя Эрдагана рыхтуецца да выбараў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Зімбабвэ. Гэта першае наведванне афрыканскай краіны на поўдзень ад Сахары. Па словах міністэрства замежных спраў Зімбабвэ, візіт разлічаны на ўмацаванне эканамічных і палітычных сувязяў паміж дзвюма краінамі, якія з’яўляюцца блізкімі саюзнікамі Расеі. «Зімбабвэ нядобра сябраваць з Беларуссю, улічваючы, што рэпрэсіі ў Беларусі выстаўляюць Зімбабвэ дылетанткай», – заклікае зімбабвійскае незалежнае выданне Pindula News.

«Пампезнасць і фанфары. Але гэта ганьба. Лукашэнка не з’яўляецца чалавекам, якога можна лічыць вельмі прыязным: ён наскрозь дыктатар. Не паверыце, але рэпрэсіі ў Беларусі ўплываюць на ўспрыманне Зімбабвэ. Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва і сотні прыхільнікаў кіруючай партыі, якія спявалі, віталі Лукашэнку ў галоўным міжнародным аэрапорце імя Роберта Габрыэля Мугабэ ў сталіцы Харарэ. Беларусь паставіла Зімбабвэ сельскагаспадарчую тэхніку, такую як трактары, збожжаўборачныя камбайны і грузавікі, у рамках здзелкі на дзясяткі мільёнаў долараў пасля візіту Мнангагвы ў беларускую сталіцу Менск у 2019 годзе. Унутраныя канкурэнты і Захад неаднаразова абвінавачвалі Мнангагву і Лукашэнку ў выкарыстанні арыштаў і іншых формаў пераследу, каб задушыць іншадумства і застацца ва ўладзе ў сваіх краінах. Аднак абвінавачванні яны адмаўляюць. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. Яго тэрмін паўнамоцтваў быў адноўлены ў 2020 годзе на выбарах, якія шырока асуджаліся як фальшывыя. Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адбыліся шырокія рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ. Урад выкарыстаў сілу для падаўлення пратэстаў, арыштаваў апазіцыянераў і журналістаў і абмежаваў доступ у Інтэрнэт. Міжнародная супольнасць асудзіла дзеянні беларускага ўрада і ўвяла ў адказ эканамічныя санкцыі», – піша незалежнае зімбабвійскае выданне.

***

Анкара магла б даць згоду на ўступленне ў НАТО Фінляндыі, але ў адносінах да Швецыі турэцкі прэзідэнт настроены катэгарычна, а менавіта – адмоўна. Як заявіў Эрдаган, «калі трэба, то ў дачыненні да Фінляндыі мы можам даць іншы адказ». Пасля таго як у Стакгольме ультраправы палітык спаліў асобнік Карана перад пасольствам Турцыі, у адносінах паміж дзвюма краінамі запанавала надзвычайная напружанасць. Прэса разважае аб тым, якую мэту пераследуе Эрдаган, і як зараз рэагаваць. «Эрдаган выкарыстоўвае становішча, якое склалася, дваякім чынам», – лічыць нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«З аднаго боку, ягонае сцвярджэнне пра тое, што ён займае цвёрдую і бясспрэчную пазіцыю ў дачыненні да нібыта наяўнай тэрарыстычнай пагрозы, якая зыходзіць ад турак у Швецыі, добра ўспрымаецца ўнутры краіны, і нават апазіцыя нічога не можа гэтаму супрацьпаставіць. З іншага боку, ідучы на саступкі ў дачыненні да Фінляндыі, ён спрабуе супрацьдзейнічаць варожым настроям, якія ён усё часцей сустракае з боку іншых краін НАТО. А вось што не абмяркоўваецца ў Турцыі, дык гэта тое, што сваёй спробай раскалоць НАТО Эрдаган аказвае паслугу Маскве», – падкрэслівае нямецкае выданне.

***

31 студзеня 2020 года Вялікабрытанія выйшла са складу Еўразвяза. Праз тры гады аглядальнікі падводзяць у большасці негатыўныя вынікі такога рашэння. Нідэрландскае выданне NRC Handelsblad дае наступны каментар:

«Абяцанне накіраваць мільёны фунтаў стэрлінгаў, якія раней сыходзілі ў еўрапейскі бюджэт, на фінансаванне брытанскай сістэмы аховы здароўя, выканана не было. Пасля брэкзіту Вялікабрытаніі прыйшлося заключаць асобныя гандлёвыя дамовы з іншымі краінамі, аднак вынікі пакуль што моцна расчароўваюць. Маштабы іміграцыі ў краіну, насуперак абяцанням, не скараціліся, а наадварот – павялічыліся. У цэлым вынік негатыўны, прычым і для краін ЕЗ таксама, паколькі яны пазбавіліся важнага партнёра ў сферы гандлю, абароны і геапалітыкі. Уласна кажучы, у брэкзіта ёсць толькі адзін станоўчы вынік: жадаючых выйсці са складу ЕЗ на еўрапейскім кантыненце відавочна паменшылася!», – з гіроніяй канстатуе нідэрландскае выданне.

***

Альянс з шасці апазіцыйных партый, які мае намер скласці на травеньскіх выбарах канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту Рэджэпу Тайіпу Эрдагану, прадставіў сваю праграму. Цэнтральным пунктам у ёй з’яўляецца адмова ад прэзідэнцкай сістэмы і вяртанне да сістэмы парламенцкай. Прапануецца зрабіць так, каб на пасаду прэзідэнта можна было абірацца толькі адзін раз, але пры гэтым прэзідэнцкі тэрмін быў бы павялічаны з сёлетніх пяці да сямі гадоў. Сярод іншых прапановаў: адмяніць права прэзідэнта накладваць вета на рашэнні парламента, а таксама пазбавіць яго права выдаваць указы. Прэса падзялілася ў меркаваннях. Нямецкая газета Handelsblatt каментуе сітуацыю скептычна.

«Трэцяя па велічыні партыя краіны – Дэмакратычная партыя народаў – не была прынята ў гэты найбуйнейшы антыэрдаганаўскі альянс, таму што супраць выступілі нацыяналісты. Паводле дадзеных апытанняў, некаторыя палітыкі ад Рэспубліканскай народнай партыі, якая ўзыходзіць яшчэ да заснавальніка дзяржавы Кемаля Атацюрку, па папулярнасці апярэджваюць Эрдагана. Але лідар партыі не збіраецца выстаўляць гэтыя кандыдатуры. Гэты альянс, накіраваны супраць Эрдагана, ператвараецца ў саюз, асуджаны на паразу. У Турцыі выбары выйграюць лідары накшталт Эрдагана: тыя, хто не гатовы ісці ні на якія кампрамісы. Разлад у табары апазіцыі відавочна на шкоду альянсу. І нядзіўна, што ў апытаннях Эрдаган зноў набірае папулярнасць», – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.