Агляд прэсы: барацьба цэнтраў



Эксперты ААН параўналі Беларусь з «таталітарнымі» дзяржавамі.

Турцыя афіцыйна выйшла са Стамбульскай канвенцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

На першых старонках арабскага выдання Аljazeera паведамляецца, што спецыяльны дакладчык Анаіс Марын папярэджвае Савет па правах чалавека, што Менск збіраецца «ачысціць» Беларусь ад усіх нязгодных.

«Беларусь можна параўнаць з «таталітарнымі дзяржавамі». Нядаўняе прызямленне пасажырскага самалёту і арышт апазіцыйнага журналіста на ягоным борце сталі часткай пастаянных намаганняў чыноўнікаў «ачысціць» краіну ад усіх нязгодных», – прыводзіць выданне словы вядучага эксперта ААН. Выданне таксама падкрэслівае, што сітуацыя ў Беларусі ілюструе «памкненне ўладаў спыніць усе формы дысідэнтcтва, ачысціўшы грамадства ад элементаў, якія ён лічыць непажаданымі». У любым выпадку сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца», – піша Аljazeera.

 

Шаснаццаць правых і ультраправых еўрапейскіх партый падпісалі сумесную заяву аб рэфармаванні Еўразвязу. Яны патрабуюць, каб ЕЗ паважаў «свабоду нацый», і абвінавачваюць Еўракамісію ў навязванні правілаў краінам супольнасці. Паводле заявы падпісантаў, яны маюць намер стварыць шырокі альянс ў Еўрапарламенце. На дадзены момант партыі, якія падпісалі хартыю, ўваходзяць у розныя фракцыі.

Італьянская газета La Repubblica піша пра тое, што не варта недаацэньваць патэнцыял гэтага дакументу.

«Па-першае, таму што гэтая хартыя, нягледзячы на ўсе магчымыя цяжкасці, цалкам можа паслужыць асновай для фарміравання ў Еўрапарламенце адзінай фракцыі ўльтраправых сіл. Па-другое, паколькі гэта антыеўрапейскі заклік, то ягоныя аўтары могуць паставіць сабе ў заслугу тое, што яны паднялі на абмеркаванне важнейшае з пытанняў, тую нявыказанасць і тую няяснасць, з якой Еўразвяз жыве яшчэ з 1990-х гадоў, з часоў Маастрыхту. На фоне адкрытай некалькі месяцаў таму Канферэнцыі пра будучыню Еўропы, у якой бяруць удзел ўрады краін і Еўрапарламент, гэтая ўльтраправая хартыя выглядае гэтакім папераджальным ударам, нацэленым на тое, каб задушыць у зародку любую дыскусію аб адмене права вета», – папярэджвае італьянскае выданне.

 

Турцыя больш не з’яўляецца ўдзельніцай Стамбульскай канвенцыі аб абароне жанчын ад гвалту. Яшчэ ў сакавіку гэтага года прэзідэнт Эрдаган спецыяльным дэкрэтам абвясціў аб выхадзе краіны з канвенцыі першага ліпеня. У многіх гарадах краіны прайшлі масавыя пратэсты. Вышэйшы адміністрацыйны суд Турцыі ў свой час адхіліў пазоў супраць выхаду краіны з канвенцыі.

Турэцкая і міжнародная прэса выказвае сваё абурэнне.

«Эрдаганам рухае толькі памкненне ўтрымаць уладу», – піша нямецкае выданне Deutschlandfunk.

«Ён усімі сіламі спрабуе патрафіць свайму нацыяналістычнаму і кансерватыўнаму электарату. Год таму ён зноў ператварыў ў мячэт знакаміты Сабор Святой Сафіі ў Стамбуле. Але эфект, дасягнуты за кошт гэтага кроку, ужо даўно ператварыўся ў пшык. Ўражлівыя ваенныя наступы на поўначы Сірыі сёння не ў модзе. Так што ярлык ворага зараз можна вешаць на «свавольных» жанчын і ЛГБТІ-меншасці! Дзеля гэтага Эрдаган гатовы паставіць пад удар іх жыцці. Пра гэта сведчыць той факт, што кожны год у краіне гінуць сотні жанчын, ад рук сваіх сужыхароў, мужоў, сапраўдных ці былых, братоў і бацькоў. Пра гэта кажа і велізарная колькасць нападаў, ахвярамі якіх становяцца жанчыны. Такім чынам, сігнал гэтым мужчынам пасланы наступны: вы маеце на гэта права і можаце не баяцца пакарання. На фоне гэтага сігналу губляе сілу і існуючы нацыянальны закон супраць гвалту ў адносінах да жанчын», – катэгарычна рэзюмуе нямецкае выданне.

 

У многіх краінах Еўразвязу многія грамадзяне не спяшаюцца запісвацца на прышчэпку ад каронавірусу. Прэса аналізуе прычыны сітуацыі, а таксама разважае пра тое, якія крокі ў гэтай сувязі варта было б зрабіць уладам.

Урад Кіпру ўзмацняе ціск на тых, хто яшчэ не адважыўся прайсці вакцынацыю. Так, са жніўня будуць адменены бясплатныя экспрэс-тэсты. На думку мясцовай газеты Cyprus Mail, улады выбралі няправільны шлях.

«Адным са слупоў дэмакратыі здаўна было павага да меркавання іншага, нават калі гэта меркаванне камусьці ўяўляецца дурным або памылковым. Тое, што можна назіраць сёння, куды больш нагадвае цэнтралізаванае кіраванне, уласцівае хутчэй таталітарным рэжымам. Мяркуючы па ўсім, наш урад, як зрэшты, і ўрады большасці іншых краін, у плане COVID-19 пераследуе палітыку нулявой талерантнасці. Палітыка гэтая, варта заўважыць, не выносілася на галасаванне, бо многія палічылі б яе абсалютна нерэалістычнай. Улады ўносяць раскол у грамадства і спрабуюць прымусіць змяніць сваё меркаванне без адсутнасці выбару», – лічыць кіпрскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя