Агляд прэсы: базіс і надбудовы
Беларусь застаецца пагрозай. Абстрэл Адэсы: якія перспектывы пагаднення па збожжавых? Орбан крытыкуе стратэгію ЕЗ супраць Расеі. Датэрміновыя выбары ў Італіі – дрэнны знак для Макрона. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны заяўляюць, што хаця сітуацыя з Беларуссю і складаная, але застаецца «кантралюемай», і цяпер Беларусь не дэманструе прыкмет прамой пагрозы бяспецы Украіны. Але Украіна заўсёды напагатове да прыкметаў канфлікту, які насоўваецца, як і да любых агрэсіўных дзеянняў з поўначы», – паведамляе ўкраінская газета Kyiv Post.
«Расея актыўна вярбуе наймітаў з Беларусі, і гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў каардынацыі з беларускімі і расейскімі ўладамі. На тэрыторыі Беларусі прымаюцца меры па пастаяннай падтрымцы ўзброеных сілаў Беларусі ў баявой гатоўнасці. Сёння на ратацыйнай аснове гэта шэсць батальёнаў і адзін атрад спецназу, што размешчаны ля ўкраінскай мяжы. Паводле заявы кіраўніцтва Беларусі, яны вядуць там дзейнасць па ахове мяжы і сваёй тэрыторыі, аднак украінскі бок чакае з поўначы і выведку, і магчымыя дывэрсіі ды іншыя спецыфічныя справы, якія вядуцца менавіта спецназам. Кіраўнік МЗС Украіны таксама заявіў, што адразу разарвуць адносіны з Беларуссю, калі Узброеныя сілы рэспублікі перасякуць мяжу Украіны. Беларусь можа быць выкарыстана Расеяй перад восенню для нападу на Заходнюю Украіну, а менавіта на Львоў, каб адрэзаць ваенную тэхніку, пастаўкі і бензін, які праз горад вязуць заходнія партнёры з Польшчы ва Украіну», – папярэджвае ўкраінскае выданне.
У пятніцу ў Стамбуле прадстаўнікі Расеі і Украіны дасягнулі пагаднення з генеральным сакратаром ААН Гутэрышам і прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам аб экспарце збожжа, заблакаванага ва ўкраінскіх партах. А ў суботу расейскія ракеты нанеслі ўдар па порце Адэсы. Паводле заяваў Масквы, яны былі накіраваны на ваенную інфраструктуру, а на думку Кіева, ударам падвергліся грамадзянскія партовыя збудаванні.
Нямецкая газета taz лічыць, што пошук міру з Расеяй шляхам вядзення перамоваў – гэта памылка.
«Расейскі ўрад робіць стаўку выключна на падпарадкаванне з ужываннем гвалту. Абстрэл Адэсы – гэта дэманстрацыя сілы, якая нясе ў сабе наступны пасыл: не думайце, што вы звязалі нам рукі толькі таму, што мы падпісваем нейкія паперкі. Ніякая дамова з цяперашнім рэжымам у Маскве не з’яўляецца ўстойлівай. Цынічная гульня Расеі знаёмая нам па войнах у Сірыі і на Данбасе ў 2014-15 гадах: за дыпламатычным абяцаннем Масквы неадкладна ідзе ваенная дэманстрацыя адваротнага. Масква выдатна разумее, што ніякіх наступстваў не будзе, бо іншы бок жадае міру», – адзначае нямецкае выданне.
Выступаючы перад прадстаўнікамі венгерскай меншасці ў Румыніі, прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан разнёс у пух і прах палітыку санкцый супраць Расеі і пастаўкі зброі Украіне, і настойваў на мірных перамовах. Орбан таксама выклікаў ажыятаж сваімі тэзісамі аб меркаванай чысціні венгерскай расы. Аўстрыйская газета Der Standard каментуе пазіцыю Орбана ў сувязі з яго хуткім візітам у Вену.
«Орбан ізноў заняў цвёрдую пазіцыю ў стаўленні да Еўрапейскага Звяза. У гэтым маецца свая сістэма. Ён асуджае Брусель за тое, што той дыктуе Венгрыі, як ёй жыць; ён выступае супраць «гендэрнай утрапёнасці»; ён наўмысна дыскрымінуе замежных гасцей, прапаноўваючы свайму ўласнаму насельніцтву таннае паліва; і ён даволі адкрыта набіваецца ў сябры да Расеі. Магчыма, канцлеру Карлу Нехамеру варта было б адкрыта пагаварыць пра гэта з Орбанам, калі той прыме яго ў Вене праз некалькі дзён. Да сённяшняга дня канцлер аддаваў перавагу акцэнту на добрых двухбаковых адносінах паміж краінамі і агульнай пазіцыі па пытаннях міграцыі. Але менавіта сёння падобнае радаснае прадчуванне сустрэчы здаецца недарэчным», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Пасля адстаўкі прэм’ер-міністра Італіі Марыё Драгі прэзідэнт Серджа Матарэла распусціў парламент. Датэрміновыя выбары намечаны на верасень. Драгі так і не ўдалося захаваць кааліцыйны ўрад краіны, які трашчаў па швах. Паводле апытанняў, найлепшыя шанцы на перамогу на гэтых выбарах мае кааліцыя з правых і ўльтраправых партый. Еўрапейская прэса занепакоена падобнай расстаноўкай сіл. Італьянская газета La Repubblica праводзіць паралелі паміж Італіяй і Францыяй:
«Марыё Драгі прыйшоў да ўлады дзякуючы двум відавочным фактарам. У вачах бізнесу, італьянскага грамадства, ды і ўсяго свету ён быў найлепшым і годным даверу кандыдатам. І ён не быў выхадцам са свету палітыкі, які кіраваў балем да яго прыходу. Тое ж самае – прыклад Эманюэля Макрона. Сыход Драгі паказвае нам, што гэтых фактараў у будучыні будзе недастаткова, ды іх па сутнасці недастаткова ўжо зараз. У Францыі, як і ў Італіі, назіраецца відавочны палітычны нахіл у бок радыкальных папулісцкіх правых рухаў: тут Нацыянальнае аб’яднанне, а там – Ліга Поўначы і Браты Італіі», – параўноўвае італьянскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя