Агляд прэсы: без годнай замены



У Шатландыі з пасады сыходзіць прэм’ер-міністр. У Ізраілі рэформа юстыцыі раскалола краіну. Еўрапарламент аб’явіў канец эры ДВС. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дыктатар Аляксандар Лукашэнка ў чацвер абвінаваціў Украіну ў правакацыі поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў мінулым годзе, і ён настойваў на тым, што Беларусь была «мірнай нацыяй», нягледзячы на тое, што яна дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ў якасьці пляцоўкі для вайны», – паведамляе амерыканскае выданне The Washington Post.

«Размова Лукашэнкі з журналістамі адбылася за дзень да таго, як ён павінен быў прыехаць у Маскву на сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, і яго выказванні, магчыма, былі стратэгічна накіраваныя на тое, каб скарэктаваць чаканні і апярэдзіць просьбу размясціць свае ўласныя сілы ва Украіне. У апошнія тыдні афіцыйныя асобы Кіева папярэдзілі, што Расея можа зноў напасці з Беларусі, магчыма, далей на захад, спрабуючы заблакаваць транспарціроўку зброі, якая адпраўляецца ва Украіну Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі NATO. Лукашэнка таксама заявіў, што Захад не хоча спынення канфлікту, але пасярод усіх жорсткіх размоў ён зноў заявіў пра сваё нежаданне ўвязвацца ў вайну», – адзначае амерыканскае выданне.

Прэм’ер-міністр Шатландыі Мікола Стэрджэн падала ў адстаўку. На сваёй пасадзе яна знаходзілася з 2014 года. У апошні час Стэрджэн і ўзначаленая ёю Шатландская нацыянальная партыя ўсё часцей аказваліся пад прыцэлам крытыкі. Адной з нагодаў стала тое, што справа прасоўвання шатландскай незалежнасці застапарылася, а іншым – новы закон аб трансгендэрах . Шырокі грамадскі рэзананс выклікаў выпадак, калі ў жаночай турме аказаўся злачынец-трансгендэр, раней асуджаны за згвалтаванне. Нямецкая газета Der Tagesspiegel аддае даніну заслугам Стэрджэн.

«Пасля рэферэндуму 2016 года па пытанні выхаду з ЕЗ яна была першым і доўгі час адзіным палітыкам, які, пры ўсёй павазе да меркавання большасці, усяляў мужнасць у тыя 48 працэнтаў выбаршчыкаў у Вялікабрытаніі (і 62 працэнты ў Шатландыі), якія галасавалі за тое, каб краіна засталася ў складзе Еўразвяза. У ходзе пандэміі яе штодзённыя выступленні выгадным чынам кантраставалі з хаосам, які панаваў у Лондане ў гады знаходжання Борыса Джонсана на пасадзе прэм’ер-міністра. Стэрджэн адстойвала сваю пазіцыю ў піку пяці прэм’ер-міністрам ад кансерватараў, яна ўпарта змагалася за тое, каб Шатландыі рабіліся саступкі, і ёй атрымоўвалася дамагацца ад Лондана выдзялення немалых сродкаў. На выбарах пад яе кіраўніцтвам ШНП ішла ад перамогі да перамогі. Само сабой зразумела, што яна магла б больш-менш бесперашкодна заставацца ва ўладзе яшчэ доўгія гады», – канстатуе нямецкае выданне.

У апошнія дні Ізраіль зноў стаў арэнай шматтысячных дэманстрацый і забастовак у знак пратэсту супраць запланаванай урадам рэформы юстыцыі. Сярод іншага, рэформа прадугледжвае магчымасць прыняцця новых законаў нават у тым выпадку, калі тыя будуць у судовым парадку прызнаны неканстытуцыйнымі. Дэбаты наконт рэформы нават прывялі да бойкі ў парламенце. Аглядальнікі ўстрывожаныя. «Гэтыя намеры ўрада ўяўляюць сабой сапраўдную пагрозу для дэмакратыі», – з такім папярэджаннем выступае французская газета Le Monde.

«Сукупны эфект запланаванай рэформы заключаецца ў тым, што будуць ліквідаваны асноўныя прыкметы падзелу ўлад. Рэформа ў некаторых выпадках адмяняе кантроль з боку судовай і заканадаўчай улады, закліканая прадухіліць сітуацыю, пры якой выканаўчая ўлада, нават абраная дэмакратычным шляхам, магла б ператварыцца ў «тыранію меншасці». У выпадку ажыццяўлення такой рэформы ўсе меры, прапанаваныя ўрадам, будуць правярацца на іх адпаведнасць заканадаўству аслабленай і прарэджанай юстыцыяй. Пры гэтым у распараджэнні ўрада: паліцыя, фінансавыя ведамствы і іншыя органы ўлады. Уся гэтая гісторыя – відавочная параза дэмакратыі. Пад пагрозай аказваюцца ў першую чаргу асноўныя правы і свабоды грамадзян, а таксама правы меншасцяў», – папярэджвае французскае выданне.

З 2035 года ў Еўропе больш не будуць дапускацца да рэгістрацыі мадэлі легкавых і малатанажных аўтамабіляў, якія вырабляюць шкодныя выкіды. Адпаведнае рашэнне канчаткова зацверджана Еўрапарламентам: «за» прагаласавалі 340 дэпутатаў, «супраць» – 279. Еўрапейская прэса разважае пра перавагі і недахопы такога кроку. Эстонская газета Eesti Päevaleht бачыць пэўныя мінусы.

«На жаль, як і ў выпадку з зялёным пераходам, на паперы ўсё выглядае лепш і здзяйсняльна, чым усё потым аказваецца на практыцы. Можна ўжо з упэўненасцю сказаць, што на змену адной залежнасці будзе іншая. 80 працэнтаў асноўных кампанентаў электрамабіляў – акумулятараў, вырабляюцца ў Кітаі. Гэты працэнт, верагодна, зменшыцца, але нам усё роўна будзе не абысціся без наступных трох элементаў: нікеля, кобальту і літыя. Іх здабычу і перапрацоўку цяжка ўявіць сабе без Кітая. Такім чынам, ці будзе карысць для навакольнага асяроддзя, уяўляецца сумнеўным», – адзначае эстонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя