Агляд прэсы: «без страху і папроку»



У ААН беларускі дыпламат выкрывае дзеянні Захаду супраць рэжыму ў Беларусі. Германія разбіраецца са структурай Бундэстага. Украіна ставіць алігархаў на асаблівы ўлік. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканская газета The Washington Post сочыць за тым, як міністр замежных спраў Беларусі Макей праз трыбуну ААН абвінавачвае заходнія краіны ў правядзенні «маштабнай гібрыднай вайны» супраць Беларусі і настойвае на тым, што перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

«Уладзімір Макей не згадаў ані апазіцыі да Лукашэнкі, ані заходніх дзяржаў, якія асудзілі рэжым за фіктыўныя выбары ў жніўні 2020 года, ані месяцаў пратэстаў супраць гэтага выніку, некаторыя з якіх сабралі да 200 тысяч чалавек.Макей не прызнаў рэпрэсій з боку ўраду, але выказаў на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН на высокім узроўні, што Беларусь уцягнута, супраць яе волі «у вір геапалітычнай вайны», – піша амерыканскае выданне і падкрэслівае, што Макей рашуча пратэстуе супраць санкцый Захаду, якія, паводле яго слоў, парушаюць міжнароднае права. Па словах Макея, «народам свету неабходна аб’яднацца, дапамагчы адзін аднаму і прыняць калектыўныя меры, каб пераадолець усе рознагалоссі і не дапусціць пагружэння свету ў хаос чарговай вайны, якая стане апошняй у гісторыі чалавецтва».

«Тым лепш, што і Святлана Ціханоўская змагла перадаць відэазварот да паседжання ААН аб сітуацыі ў Беларусі, нараўне з Макеем», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

Па выніках выбараў у бундэстаг кандыдат на пасаду канцлера ад СДПГ Олаф Шольц выказаўся на карысць фарміравання так званай кааліцыі «святлафора»: у складзе сацыял-дэмакратаў, лібералаў ад СвДП і Зялёных. Але і лідэр ХДС Армін Лашэт здавацца не збіраецца, і прапануе сфармаваць кааліцыю на чале са сваёй партыяй. На думку большасці аглядальнікаў, у гэткага нязвыклага раскладу маецца нямала відавочных плюсаў.

Нямецкая газета Badische Zeitung раіць партыям звярнуцца да вопыту суседніх краін.

«Можна было б павучыцца, да прыкладу, у Аўстрыі, дзе канцлер- кансерватар Себасцьян Курц здолеў дамовіцца з ідэалагічна чужымі яму Зялёнымі: бакі падзялілі цэлыя палітычныя сферы і, адпаведна, маюць магчымасць вызначыцца ў вачах выбаршчыкаў. Так, у Нідэрландах пастаянна ўтвараюцца прагматычныя шматпартыйныя альянсы, якія валодаюць дзіўным патэнцыялам у плане прасоўвання рэформаў, нават калі на дадзены момант фарміраванне падобнага альянсу патрабуе асабліва шмат часу. Няяснасць сітуацыі ў Германіі можа напужаць. Але яна дае шанец на тое, што ў краіне ўдасца расхістаць старыя закасцянелыя структуры і пераадолець стастарэлы расклад сілаў па акопах і траншэях. Калі гэта адбудзецца, то кааліцыя «святлафор» ці «Ямайка» звядзе разам лепшыя ідэі ад трох партый»,раіць нямецкае выданне.

Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які закліканы знізіць уплыў у краіне алігархаў. Закон прадугледжвае стварэнне спецыяльнага рэестру, весці які будзе даручана Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Сябры рады прызначаюцца прэзідэнтам краіны. Меркаванні прэсы падзяліліся.

Украінскае выданне Наші гроші лічыць, што закон, накіраваны супраць алігархаў, апынецца бессэнсоўным, калі не будзе палітычнай волі наўпрост абмежаваць алігархічную ўладу.

«Антытраставыя ўкраінскія законы даволі добрыя для чыноўнікаў, якія насамрэч настроены працаваць і абараняць канкурэнцыю, а не алігархічныя імперыі. Проста ні ў самога Зяленскага, ні ў яго хаўруснікаў у Антыманапольным камітэце Украіны няма такой мэты: знішчыць манаполію і ўвесці роўныя правілы. Мы не верым ніводнаму слову прэзідэнта пра дэалігархізацыю, справядлівасць і роўныя правілы, бо штодня мы бачым афіцыйныя дакументы, падпісаныя яго людзьмі, у якіх бачна зусім адваротнае».

Турцыя стогне ад высокай інфляцыі: кошты на спажывецкія тавары за год выраслі на 19,25 адсоткі, а на харчовыя тавары – на цэлых 29 адсоткаў. Прэзідэнт Эрдаган абвінавачвае ў празмерным павышэнні цэн пяць найбуйнейшых сетак супермаркетаў, і, як вынік, абвясціў ім вайну.

«Інфляцыя абумоўлена зусім іншымі фактарамі», – падкрэслівае турэцкая газета Habertürk.

«Калі вырабляецца мала тавараў, цэны растуць. Калі прадукцыйнасць нізкая, цэны растуць. Калі залежнасць ад замежжа высокая, цэны растуць. Калі бюджэт у мінусе, цэны растуць. Калі экспарт не адпавядае імпарту, кошты таксама растуць. Калі правасуддзю ў краіне нельга давяраць, калі з-за мяжы не паступаюць інвестыцыі і калі няма інвестыцый і ўнутры краіны, то адгадайце, што адбываецца? Правільна – цэны растуць! І наўрад ці ва ўсім гэтым вінаватыя нейкія супермаркеты. І тым не менш, у павышэнні цэн урад абвінаваціў менавіта іх. Ці сюрпрыз гэта? Зразумела, не. Для таго, каб заставацца пры ўладзе, ураду патрэбнае пудзіла ці проста вораг», – піша турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка